Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Гісторыя

У розных гістарычных умовах перасяленне беларусаў было выклікана эканамічнымі, палітычнымі і іншымі прычынамі. Ранняя эміграцыя вызначалася найперш уцёкамі з ВКЛ незадаволеных яго палітыкай прадстаўнікоў пануючага саслоўя. У 16-17 стст. выезд за мяжу быў выкліканы ўзмацненнем эксплуатацыі сялян, нацыянальна-рэлігійнага ўціску. У 17-18 стст. у ходзе войнаў беларускія землі часта станавіліся арэнай жорсткіх бітваў, а іх жыхары масава выводзіліся ў глыб Расійскай імперыі. Тры падзелы Рэчы Паспалітай і развіццё нацыянальна-вызваленчага руху у канцы 18-19 стст. вызначалі палітычныя прычыны эміграцыі. Боязь рэпрэсій з боку царскага ўрада выштурхнула з Бацькаўшчыны тысячы ўдзельнікаў паўстанняў Т.Касцюшкі, беларускай шляхты, К.Каліноўскага, а таксама прыхільнікаў аднаўлення ВКЛ у час паходу Напалеона на Расію. Беларусы рассеяліся па свеце, некаторыя ўключыліся ў рэвалюцыйны і вызваленчы рух у Еўропе і Амерыцы, садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання.

Першая хваля масавай працоўнай міграцыі пракацілася на рубяжы 19-20стст. Да Першай сусветнай вайны па эканамічных прычынах у Расію перасялілася больш за 700 тыс., у ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Заходняй Еўропы - 500-600 тыс. чалавек. Першая сусветная вайна, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, германская і польская акупацыі Беларусі выклікалі адток беларускага насельніцтва на Усход Расіі (246 тыс. бежанцаў і эвакуіраваных не вярнуліся на Радзіму), вываз ваеннапалонных у Германію, выезд больш 120 тыс. чалавек у Літву, Латвію, Эстонію, Чэхаславакію, Турцыю і інш. краіны. Працоўная эміграцыя звязана з выездам у Амерыку і Еўропу (каля 180-250 тыс. жыхароў Заходняй Беларусі). З БССР у 1926-1938 гг. у іншыя рэгіёны СССР перасялілася больш 600 тыс. чалавек (планавы набор рабочай сілы, дэпартацыі, палітычныя рэпрэсіі і інш.).

У выніку Другой сусветнай вайны амаль 1,5 млн. беларусаў эвакуіравалася на ўсход і толькі трэць з іх вярнулася ў БССР; у ліку савецкіх ваеннапалонных за мяжой апынуліся сотні тысяч беларусаў; 385 тыс. чалавек вывезена ў Германію. Да 1946 г. у СССР рэпатрыіравана 520 тыс. беларусаў. Пасля вайны беларуская дыяспара папаўнялася нязначна.

Рэгулярны прыток выхадцаў з Беларусі ў заходнія краіны выявіўся ў канцы 1980-х гадоў. З 1988 па 1999 гг. атрымалі дазвол на эміграцыю каля 143 тыс. чалавек. На 1999 г., па неафіцыйных звестках, каля 500 тыс. беларусаў пражывала ў ЗША, каля 100 тыс. - у Канадзе, дзесяткі тысяч у Аргенціне, Бразіліі, Францыі, Бельгіі, Германіі, а таксама ў новых цэнтрах беларускай дыяспары - Велікабрытаніі і Аўстраліі. Прыкладна 250-400 тыс. беларусаў Беласточчыны апынулася ў Польшчы пасля вызначэння пасляваенных дзяржаўных граніц. Пасля распаду СССР на яго абшарах апынулася большасць усіх замежных беларусаў, у Расіі іх больш 1 млн. чалавек, на Украіне больш 400 тыс., Казахстане - 110 тыс., Латвіі - амаль 100 тыс., Літве - 55 тыс., Эстоніі - 25 тыс. і г. д.

На рубяжы 20-21 стст. за межамі Беларусі пражывае каля 3,5 мільёнаў беларусаў. Духоўнай асновай нацыянальнага самавызначэння, праявай самабытнасці, адметнасці сталі створаныя ў замежжы працай і ахвярнасцю многіх беларусаў грамадскія, палітычныя, асветна-культурныя, навуковыя, рэлігійныя арганізацыі, суполкі мастакоў, нацыянальны друк і асвета, культурныя цэнтры, музеі і архівы, мастацкія калектывы, пабудаваныя храмы.  

16 чэрвеня 2014 года быў прыняты Закон "Аб беларусах замежжа".