Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Алег Гардзіенка. "Беларускі асяродак у Саўт-Рыверы (ЗША)"

Паселішча ў ваколіцах Саўт-Рывера, што ў сярэдняй частцы штата Нью-Джэрсі, было заснавана ў 1720 г., але толькі ў 1897 г. набыло выгляд, у якім існуе і па сёння. Тады ж, у канцы ХІХ ст., пачаўся імклівы рост насельніцтва, чаму спрыялі і эмігранты з Еўропы. У 1890 г. у Саўт-Рыверы жылі 1 796 чалавек, у 1900 г.— 2 792, у 1910 г.— 4 772, у 1915 г. — 6 691. Такім чынам за 25 гадоў насельніцтва горада вырасла ў 3,7 разу. Прыток эмігрантаў працягнуўся ў 20-я гг. ХХ ст., а таксама пасля Другой сусветнай вайны. У 1950 г. у Саўт-Рыверы пражывалі 11 308 чалавек, у 2000 г. — 15 322 (rootsweb.com).

У пачатку ХХ ст. горад быў эмігранцкім. Паводле перапісу 1900 г., з 2 792 гараджан 1 154 (ці 41%) нарадзіліся па-за межамі ЗША. Найбольшая колькасць прыбыла з Польшчы (293) і Германіі (285), з Венгрыі – 134, Ірландыі (107), Швейцарыі (95), Аўстрыі (51), Даніі (43), Расіі (38), Італіі (33) (rootsweb.com).

Сярод гэтых перасяленцаў былі і беларусы. Першыя групы нашых землякоў сталі сяліцца ў Саўт-Рыверы ў 90-х гг. ХІХ ст.. Эмігранты прыплывалі ў ЗША праз порт у Нью-Ёрку і або заставаліся ў ім, або ехалі далей. У другім выпадку першым прыпынкам для іх быў штат Нью-Джэрсі, што абступае горад Нью-Ёрк з трох бакоў. У гэтым штаце паводле звестак Вітаўта Кіпеля асела каля 65 тыс. этнічных беларусаў. У паўночнай частцы штата беларусы сяліліся ў акругах Юніён, Хадсан, Эсэкс (гарады Гарфілд, Уолінгтан, Рутэрфорд, Кліфтан) (кіпель в., 1993). Вялікая грамада беларусаў асела ў Пасэйку, дзе пасля Другой сусветнай вайны каля 10% жыхароў былі беларусамі (кіпель я., 1993).

У цэнтральнай частцы штата самым значным горадам стаў Саўт-Рывер, дзе беларусы ў пачатку ХХ ст. канкуравалі з вялікімі асяродкамі венграў, палякаў, яўрэяў. Беларусь не фігуравала ў дакументах эмігрантаў як краіна паходжання і месцам нараджэння падавалася або Расія, або Польшча. Таму ацаніць колькасць нашых землякоў, што апынуліся ў пачатку ХХ ст. у Саўт-Рыверы можна толькі прыкладна і шукаць іх трэба сярод “рускіх” і “палякаў”. Так, каталікоў-палякаў налічвалася ў пачатку ХХ ст. у Саўт-Рыверы 252 сям’і з 450 дзецьмі. Менавіта яны пабудавалі ў Саўт-Рыверы касцёл у гонар Маці Божай Вастрабрамскай (commemorative book, 1995). Можна дапусціць, што сярод тых каталікоў былі беларусы, але назваць іх дакладную колькасць немагчыма.

Прасцей з праваслаўнымі беларусамі, што запісваліся “рускімі”. Статыстыка фіксуе, што беларусы з усходняй Віленшчыны (а менавіта ваколіц Вілейкі і Маладзечна) пабудавалі ў Саўт-Рыверы ў 1905—1906 гг. праваслаўную царкву св. Пятра і Паўла і заснавалі аднайменную парафію. У 1906—1915 гг. гэта парафія налічвала 250 паўналетніх прыхаджанаў, без уліку членаў іх сямей. У абсалютнай большасці ўсе яны паходзілі з маладзечанска-вілейскага рэгіёна (commemorative book, 1995). Так, на “рускіх” могілках пры царкве св. Пятра і Паўла на 90% магільных плітах —прозвішчы, што сустракаюцца ў вілейска-маладзечанскім рэгіёне. Уласна рускія прозвішчы фіксуюцца на адносна нядаўніх пахаваннях, г. зн. тых, што прыбылі ў горад пасля Другой сусветнай вайны.

Паказальна таксама, што нашы землякі назвалі вуліцы Саўт-Рывера выключна імёнамі рускіх пісьменнікаў: Пушкіна, Талстога, Горкага. Была тут і Маскоўская вуліца. Аднак падчас “халоднай вайны” гэтыя тапонімы былі змененыя.

Беларусы ў Саўт-Рыверы мелі свае крамы, трымалі бензазапраўку, стаматалагічны кабінет, кіравалі паліцыяй. У 60-х гг. ХХ ст. камісарам паліцыі ў горадзе быў ураджэнец беларускіх земляў Джордж Сыраквас, а ў 1970—1975 гг. на пасадзе мэра горада знаходзіўся беларус Уолтэр (Уладзімер) Кулік. Браты Шакі (Шакоўскія), што паходзілі з-пад Вілейкі, інвеставалі грошы ў добраўпарадкаванне гораду. У першай палове ХХ ст. яны пабудавалі дом, дзе ладзіліся гарадскія імпрэзы, у тым ліку і беларускія. Шакі таксама купілі вялікі надзел зямлі ў паўднёвай частцы Саўт-Рывера пад могілкі для царквы св. Пятра і Паўла. Жыхары пасля смерці братоў паставілі на могілках помнік ды назвалі ў іх гонар вуліцу.

Пасля Другой сусветнай вайны ў Саўт-Рывер прыбылі прадстаўнікі новай беларускай эміграцыі, гэтым разам нацыянальна свядомай. Няглядзечы на тое, што гэтая хваля была ў дзясяткі разоў меншай за хвалю пачатку ХХ ст., яна здолела афарбаваць горад у бел-чырвона-белыя колеры. Некалькі дзясяткаў беларускіх сем’яў, што прыехалі ў Саўт-Рывер у канцы 40-х – пачатку 50-х гг. ХХ ст., спрычыніліся да стварэння некалькіх палітычных і грамадскіх арганізацый, тэатральнай студыі, заснавання часопіса, а галоўны даробак – заснаванне ў горадзе беларускага паводле формы і зместу праваслаўнага прыходу, а таксама беларуска-амерыканскага грамадскага цэнтра.

Адным з першых такіх беларусаў быў Франук Шаўроўскі (ураджэнец Лебедзева Маладзечанскага раёна), які прыехаў у Саўт-Рывер у 1947 г. Яго “выпісалі” (г. зн. даслалі запрашэнне і паручальніцтва) з Германіі сваякі, якія перабраліся ў ЗША ў пачатку ХХ ст. Шаўроўскі, у сваю чаргу, “выпісаў” з Германіі свайго сябра Майка Філіповіча. У пачатку 1948 г. у Саўт-Рывер з Нью-Ёрка да сваякоў сваёй жонкі, якія таксама эмігравалі сюды ў пачатку ХХ ст., пераехаў Барыс Кіт.

Шаўроўскі (ідэя належыць менавіта яму), Філіповіч і Кіт аб’ядналіся і супольнымі сіламі сталі сістэматычна запрашаць з лагераў для перамешчаных асоб у Германіі іншых суайчыннікаў. Нават заснаваны ўвосень 1948 г. у штаце Нью-Ёрк Злучаны беларуска-амерыканскі дапамаговы камітэт (ЗБАДК) хутка стварыў у Саўт-Рыверы аддзел, а ў 1949 г. увогуле перанёс у горад асноўную дзейнасць.

У Саўт-Рыверы ці яго ваколіцах новыя эмігранты-мужчыны працавалі на заводзе “Форд”, ці ў прыватных гаспадароў і на дробных прадпрыемствах. Жанчыны — на фабрыках вопраткі або таксама на невялікіх прадпрыемствах. Заробак мужчынаў вагаўся ад 80 цэнтаў да 1 даляра за гадзіну ($6,4—8 за дзень або да $200 за месяц). Даляр атрымлівалі работнікі, аб’яднаныя ў прафсаюз. Жанчыны, калі не былі чальцамі прафсаюза, атрымлівалі меней за мужчын, іх заробак пачынаўся ад 60 цэнтаў за гадзіну (г.зн. $4,8 за дзень). На ежу ў Саўт-Рыверы выдаткоўвалі каля $1 на дзень, найманне кватэры каштавала $20—30 за месяц, патрыманы аўтамабіль — ад $500, уласны дом, у залежнасці ад стану і часу пабудовы — ад $3 да 12 тыс. (Гардзіенка А., 2009).

Ад 1949 г. каардынаваць працэс запрашэння беларускіх сем’яў з лагераў Ды-Пі стаў Барыс Кіт. Яго дом на Герман-стрыт (Herman street, 24) стаў імправізаваным “беларускім штабам”. Тут, а таксама ў спецыяльна нанятым ЗБАДК доме на Юніён-стрыт, размяшчалі на некалькі дзён новапрыбылых, папярэдне іх сустрэўшы ў нью-ёркскім порце (Гардзіенка А., 2009).

Барыс Кіт афармляў запрашэнні для беларускіх ды-пі на просьбу Беларускага цэнтральнага прадстаўніцтва ў Нямеччыне — грамадскай арганізацыі, што аб’яднала прыхільнікаў Беларускай Цэнтральнай Рады. Кіраўнік арганізацыі Аляксандр Русак раіў, каго трэба найперш “выпісаць”, складаў спісы, афармляў усю неабходную дакументацыю. Барыс Кіт і яго паплечнікі рыхтавалі неабходныя для ўезду паперы, рабілі афідавіты (запрашэнні) і ашурансы (страхавалі імігрантаў), шукалі для іх працу, дамаўляючыся з працадаўцамі. Прычым не абавязкова ўсе перабіраліся ў Саўт-Рывер. Ладная колькасць нашых землякоў асела ў паўночнай частцы штата, як той жа Аляксандр Русак. Так, дзякуючы саўт-рыверскаму аддзелу ЗБАДК ды асабіста Барысу Кіту ў ЗША перабраліся Хведар Шыбут з сям’ёй, Вячаслаў і Вольга Сэлях-Качанскія, браты Барыс і Ігар Шчорсы з сем’ямі, Іван Касяк, сем’і Мікалая Шчаглова-Куліковіча, Часлава Найдзюка, Юрыя Віцьбіча, Хведара і Льва Высоцкіх, Святаслава Каўша, а таксама Аляксей Шудзейка, Пётр Орса, Аўген Кудасаў, Філарэт Родзька з сям’ёй, Эмануіл Ясюк, Мікалай Хмыз ды інш. Бальшыня выпісаных належала да прыхільнікаў БЦР і былі сябрамі ці сімпатыкамі Беларускага цэнтральнага прадстаўніцтва ў Нямеччыне. Частка іх асела ў Саўт-Рыверы і найбліжэйшых ваколіцах: гарадках Іст-Брансвік і Мідлтаун.

Канцэнтраванне ў Саўт-Рыверы асобаў прыхільных да платформы Беларускай Цэнтральнай Рады прывяло да таго, што ў 50-х гг. ХХ ст. горад стаў “сталіцай” прыхільнікаў БЦР (г.зн. Радаслава Астроўскага) як у ЗША, так і наогул у заходнім свеце, а таксама цэнтрам іншых беларускіх арганізацый, якія прызнавалі вяршэнства платформы БЦР.

Так, менавіта саўт-рыверскі аддзел Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта з цягам часу стаў цэнтральным аддзелам усяго ЗБАДК і пасля спынення дзейнасці іншых аддзелаў ЗБАДК застаўся адзіным. Менавіта ў Саўт-Рыверы 11 лютага 1951 г. прайшоў Першы Кангрэс беларусаў Амерыкі, на якім было вырашана аб’яднаць усе беларускія арганізацыі ў гэтай краіне. Але ўдалося аб’яднаць толькі арганізацыі, што не прызнавалі аднаўлення Рады БНР пад старшынствам Міколы Абрамчыка.

З таго часу Кангрэсы беларусаў Амерыкі сталі праводзіцца ў Саўт-Рыверы рэгулярна і менавіта тут меў сваю сядзібу Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі – арганізацыя, што праводзіла ўсю працу паміж гэтымі форумамі, а таксама ад імя дэлегатаў кангрэса выступала як перад штатнымі ўладамі, так і перад федэральнымі. У Саўт-Рыверы прайшлі тры з пяці праведзеных у ЗША пленумаў Беларускай Цэнтральнай Рады (1954, 1960, 1988), адбыліся некалькі З’ездаў беларусаў Канады й ЗША.

Менавіта ў Саўт-Рыверы ўпершыню на амерыканскай зямлі дзень 25 сакавіка быў абвешчаны Беларускім Днём, а над гарадской мэрыяй узняты бел-чырвона-белы сцяг. Тут таксама былі створаны Арганізацыя беларускіх вайскоўцаў (старшыня – Аўген Занкавіч), Саюз беларуска-амерыканскай моладзі, Аб’яднанне беларуска-амерыканскіх студэнтаў (Анатоль Шурак, Сяргей Казакоў, Лёля Касоўская), Беларускі мяшаны жаноча-мужчынскі хор (у розны час ім кіравалі – Аркадзь Евец, Ксаверы Барысавец, Вячаслаў Селях-Качанскі, Юльян Рымко), жаночы хор “Каліна” (кіраўнік – Ксаверы Барысавец), Тэатральная студыя Вячаслава Селях-Качанскага.

Адна з самых значных падзей не толькі для Саўт-Рывера, але і ўвогуле для беларускай грамады ў ЗША адбылася 23 лістапада 1950 г. У гэты дзень на сходзе праваслаўных беларусаў Саўт-Рывера і ваколіцаў у Саўт-Рыверы быў створаны Беларускі праваслаўны царкоўны камітэт у Амерыцы (Уладзімір Брылеўскі – старшыня, Святаслаў Коўш, Міхась Сенька, Расціслаў Завістовіч, Віктар Літаровіч і Хведар Высоцкі) (памятная кніга, 1975). У гэты ж дзень камітэт заснаваў беларускую праваслаўную парафію св. Еўфрасінні Полацкай, настаяцелем якой стаў а. Мікалай Лапіцкі. Святар Лапіцкі жыў за некалькі дзясяткаў кіламетраў, у горадзе Пасэйк, працаваў на фабрыцы, але цягам васьмі гадоў штонядзелю прыязджаў у Саўт-Рывер адпраўляць службы.

Першая беларуская багаслужба ў Саўт-Рыверы была адпраўлена на Каляды 6 студзеня 1951 г. Дзеля гэтых мэтаў была арандавана царква метадыстаў на рагу Мэйн-стрыт і Гордан-стрыт. Пазней яўрэйская грамада Саўт-Рывера прадала беларускаму царкоўнаму камітэту за 15 250 даляраў сінаногу па адрасе Уайтхед-авеню, 187. Першая багаслужба тут адбылася 13 кастрычніка 1953 г. Гэтая царква амаль на дваццаць гадоў стала прыстанкам для беларусаў, пакуль у 1967 г. было вырашана пабудаваць уласную царкву. Быў набыты пад будаўніцтва пляц зямлі на поўдні горада за вуліцай Уайтхед-авеню ды створаны будаўнічы камітэт пад кіраўніцтвам Віталя Цярпіцкага. У 1972 г. будаўніцтва было скончана, і новы храм урачыста асвячоны.

Беларуская царква св. Ефрасінні Полацкай стала візітоўкай беларускага праваслаўнага жыцця ў ЗША. Ад 1950 г. прыход перайшоў у юрысдыкцыю экзарха канстанцінопальскага патрыярхата, а святар Мікалай Лапіцкі быў ініцыятарам стварэння Рады беларускіх прыходаў у юрысдыкцыі сусветнага патрыярхата, што таксама аб’яднала парафіі ў Чыкага, Таронта (Ефрасінні Полацкай) і прадмесці Нью-Ёрка ў Рычманд-Хіле. У першай палове 70-х гг. ХХ ст. побач з царквой быў пабудаваны грамадскі цэнтр (ініцыятар – Барыс Шчорс), у якім праводзяцца рознага кшталту грамадскія імпрэзы. У 1974 г. на ўзгорку паміж царквой і грамадскім цэнтрам быў насыпаны курган і пастаўлены мемарыяльны помнік-крыж у гонар усіх палеглых за незалежнасць Беларусі. Пры самой парафіі св. Ефрасінні Полацкай у іншай частцы горада ў 1956 г. былі заснаваныя беларускія могілкі, на якіх хаваюць парафіян беларускай царквы, а таксама найбольш значных дзеячаў з кола прыхільнікаў БЦР. Тут пахаваныя Радаслаў Астроўскі, Нікандр Мядзейка, Яўхім Кіпель, Іван Касяк, Аляксандр Русак. Усяго на могілках св. Ефрасінні больш за 260 пахаванняў (Гардзіенка А., 2009).

Цікава, што ў 50-х гг. ХХ ст. побач з Саўт-Рыверам, у Нью-Брансвіку / Гайленд-Парку склаўся асяродак іншага крыла эміграцыі – прыхільнікаў Рады БНР. Тут быў створаны аддзел БАЗА, дзейнічалі некалькі грамадскіх арганізацый, прыход БАПЦ Жыровіцкай Божай Маці. Таксама ў 50-х гг. ХХ ст. у Іст-Брансвіку былі створаныя парафіяльныя могілкі, на якім хаваюць прыхільнікаў Рады БНР.

Сёння ў Саўт-Рыверы працягвае дзейнасць праваслаўны прыход св. Еўфрасінні Полацкай, які аб’ядноўвае больш за 100 парафіянаў, а таксама арганізацыі пры ім – сястрыцтва, царкоўны камітэт. Большасць сябраў Беларускага кангрэсавага камітэта жыве ў Саўт-Рыверы, дзейнічае Беларуска-амерыканскі грамадскі цэнтр, ад 1960 г. выдаецца часопіс “Беларуская думка”.

 

 

Алег Гардзіенка

 

Крыніцы

rootsweb.com — http://www.rootsweb.com/~njsrhps/history/population.html

 

 

Літаратура

Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. Смаленск, 2009. 428 с.
Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мінск, 1993. 352 с.
Кіпель Я. Эпізоды. Нью-Ёрк, 1998. 305 с.
Памятная кніга. 1950—1975. [South River], Byelorussian Greek Orthodox Church of St. Euphrosynia, 1975.
Commemorative Book. In celebration of South River’s 275th Anniversary 1720—1995. [South River, 1995]. P. 36.

 

.

Падзяліцца: