Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Юрась Юркевіч "Ад дыгітальнай дыяспары да дыгітальнай нацыі"

І. Уводзіны

 

У сучасным сьвеце развіваецца істотна новы элемент у вытворчасьці лакальнасьці. Глабальны струмень выяў, навінаў і меркаваньняў цяпер фармуе частку адпаведнай палітычнай і культурнай пісьменнасьці, а таксама дыяспарычныя асобы і супольнасьці (Appadurai, 1996). З'яўляюцца надуманыя хатнія, родныя месцы, якія структуруюць медыя-, этналандшафты абезпрасторанных груп. Пры гэтым зьмяняецца сэнс тэрміна дыяспары як часткі этнічнай супольнасьці, якая прасторава жыве за межамі краіны свайго паходжаньня, сваёй гістарычнай радзімы.

Пад уплывам розных форм электроннага пасрэдніцтва, адбываецца ўстойлівае выціраньне межаў паміж прасторавымі і віртуальнымі суседскімі супольнасьцямі, зьмяняюцца практыкі  апрасторваньня/абезпрасторваньня этналандшафта, канструяваньня рэферэнцыйных рамак сьвядомасьці, а таксама сацыяльныя тэхнікі лакалізацыі. Новыя дыгітальныя дыяспары прапануюць узоры транслакальнасьці ва ўмовах калі нацыянальныя дзяржавы сутыкнуліся з рознымі формамі транснацыянальнай глабалізацыі.

 

ІІ. Лакальнасьць у варунках глакалізацыі

 

Перш чым перайсьці да аналізу лакальнасьці, зазначу, што дзеля разуменьня лакальнасьці я выкарыстоўваю азначэньне Арджуна Апардураі як "комплекснай фенаменалагічнай якасьці, канстытуяванай серыяй сувязяў паміж пачуцьцём сацыяльнай блізкасьці, тэхналогіямі інтэрактыўнасьці і рэлятыўнасьцю кантэкстаў". У адрозненьне ад лакальнасьці дзеля звароту да актуальных сацыяльных формаў, у якіх лакальнасьць рэалізуецца як вымярэньне ці каштоўнасьць, я карыстаюся тэрмінам прапанаваныі гэтым жа аўтарам - суседскай супольнасьці (neibhborhood) (ibid).

Цэнтральнай праблемай глабальнага ўзаемадзеяньня з’яўляецца сёньняшняя напружанасьць у адносінах паміж культурнай гамагенізацыяй і культурнай гетэрагенізацыяй, г.зн. узаемадзеяньне паміж глабальным і лакальным (ibid).

У самым шырокім кантэксьце глабалізацыя азначае працэсы сусьветнай эканамічнай, палітычнай і культурнай інтэграцыі і ўніфікацыі. Апардураі падкрэслівае немагчымасць аналізу глабальнай эканомікі культуры ў рамках існых мадэляў "цэнтр-перыферыя" кшталту лішкаў і дэфіцыту (як у традыцыйных мадэлях гандлёвага балансу), ці спажыўцоў і вытворцаў (нео-марксісцкія канцэпцыі развіцьця).  Апардураі уяўляе глабальную эканоміку культуры як складаныя, дубляваныя і раз'яднаныя сэнсавыя парадкі і адрознівае пяць аспектаў глабальных культурных плыняў, якія могуць быць названы: этна-, медыя-, тэхна-, фінансавымі ці ідэйнымі ландшафтамі.

У выніку глабалізацыі на сацыяльна-эканамічнай тканіне сучаснага сьвету з’яўляюцца адмысловыя цэнтры, якія нярэдка завуць хабамі, у якіх канцэнтруюцца асноўныя фактары глабалізацыі. (Тэрмін hub запазычаны з кампутарнай галіны і мае такое прыблізнае тлумачэньне: хаб – гэта электронная прылада, нейкі вузел, які прымае струмені сігналаў/інфармацыю ад некалькіх крыніцаў і разьмяркоўвае яе іншым удзельнікам сеткі, якія падлучаны да гэтага хаба). Такім чынам, хабы – гэта цэнтры глабальнай постіндустрыяльнай эканомікі, у іх генеруюцца асноўныя фінансавыя, медыя-, ідэйныя, этнічныя ды тэхнічныя  струмені, распрацоўваюцца новыя кіраўнічыя тэхналогіі, прымаюцца ключавыя эканамічныя рашэньні. Прыкладамі такіх хабаў можна лічыць: Лёндан, Нью-Ёрк, Токіё.

Па-за межамі хабаў, дзе не стае навуковых альбо фінансавых рэсурсаў ці традыцыйнай індустрыяльнай інфраструктуры, больш уласьцівыя сцэнары глакалізацыі – калі лакальныя тэрыторыі прасоўваюцца напрост ў глабальны кантэкст. Гэтаму дапамагае таксама усталяваньне сувязяў з сумежнымі тэрыторыямі, развіцьцё міжрэгіянальных аб'яднаньняў па-над межамі нацыянальных дзяржаў. Сам тэрмін глакалізацыя першапачаткова паходзіць ад японскага слова дочакука, якое азначае «глабальную лакалізацыю», ці дакладней, «ізноў нараджаньне» (Robertson, 1995).

Важна, што лакальныя культуры не проста адмяжоўваюцца адзін ад аднаго. Глакалізацыя складаецца таксама з канструяваньня ці вынаходства мясцовых традыцый ці формаў асаблівасьці (ibid), а сам гэты працэс аналагічны такім паняцьцям, як «вынаходства культуры», «вынаходства традыцый» ці стварэньне «ўяўных супольнасьцяў» (Anderson, 1983).

У крос-культурных тэрмінах глакалізацыя не проста вырабляе ці прайгравае выпадковыя формы культурнай разнастайнасьці. Яна таксама рэгіструе «стандартызацыю лакальнасьці», такім чынам, што розныя лакальнасьці могуць валодаць вельмі падобнымі структурамі, рэферэнтнымі кропкамі, сімвалічнымі тэкстурамі ці зьместам. Лакальнае становіцца глабальна інстытутыялізаваным  (Robertson, 1995).

 

ІІІ. Ідэнтычнасьць і лакальнасьць ў Інтэрнеце

 

Прастора і час як такія сацыялізуюцца і лакалізуюцца пасродкам комплексных  практык выкананьня, рэпрэзентацыі і дзеяньняў у інтэрнеце. Праблема ў тым, што паняцьці тэрытарыяльнасьці ці супольнасьці застаюцца заблакаванымі ў рыторыцы, наратывах і тэхніце індустрыяльнага ды нацыянальнага дыскурсаў і мала прыстасаваныя да мэтанацыянальных палітык, што спрацоўваюць у час інтэрнета.

Deleuze і Guattari сьцвярджаюць, што ва ўмовах інтэрнету  ў дачыненьнях прасторы і Зямлі, апошняя “стала праходзіць рух абезпрасторваньня на месцы, у якім яна выходзіць за рамкі любой прасторы: яна абезпрасторваецца (deterritorializing) і ёсьць абезпрастораная (deterritorialized)”.

Тэлематычныя інтэрнет-сеткі з’яўляюцца новымі сацыяльнымі ўтварэньнямі, што прапануюць комплексныя вынаходствы як іх рухальныя элементы, якія, у сваю чаргу, вызваляюць нестабільныя чыньнікі абезпрасторваньня ды бесперапынныя патокі камунікацыі, гандлю ці змаганьня. Такія глабальныя струмені вырабляюць зараз не толькі прасторавыя, але і віртуальныя суседскія супольнасьці, якія больш не абмяжаваныя тэрыторыяй, пашпартамі, падаткамі ды інш. Гэтыя супольнасьці таксама валодаюць сваімі наборамі адметных атрыбутаў (мовай, культурай, гісторыяй паходжаньня ігд.), захоўваюць іх, падтрымліваюць і садзейнічаюць іх развіцьцю. Віртуальныя суседскія грамады становяцца рэферэнцыйнымі рамкамі транслакальнасьці.

Віртуальныя супольнасьці ёсьць перадумовай адбудовы ўяўных этнічнасьцяў і новых дыгітальных нацый як па-новаму зьвязаных лакальнасьцяў – негеаграфічных, але камунікатыўна інтэграваных сацыяльных месцаў, што задаюць сэнсы сваім жыхарам. Яны сьвядома адбудаваныя каб фунцыянаваць як зоны ўзаемадзеяньня, кропкі-сустрэчы дыялогавых сутыкненьняў, і акрамя гэтага як месцы памяці дзеля ідэнтытэту – гэтыя віртуальныя супольнасьці маюць патэнцыял падвышэньня якасьці жыцьця дзеля тых, хто ў іх удзельнічае  (Diamandaki, 2003).

У гэтых новых формах фармаваньня ідэнтычнасьці маецца мажлівасьць задзейнічаць дыгітальна сканструяваныя, абезпрастораныя і, што самае галоўнае, дэцэнтралізаваныя сацыяльныя публічныя месцы, што не ведаюць азначэньня дыстанцыі. Такія фармацыі разбураюць адрозненьні паміж радзімай і краінай пражываньня, нацыянальнасьцю і транснацыянальнасьцю, дыяспарай і метраполіяй, персаналізацыяй і абагульненьнем, аднак яны дастакова гнуткія каб абслугоўваць патрэбы качэўніцкага, шматбаковага ці праблемнага ідэнтытэту сучаснага глабалізаванага сьвету. У такім сьвятле, яны ёсьць праявай феномена постмадэрнай глакалізацыі як падвойнага працэсу глабальнай дыфузіі і адначасова лакальнай адбудовы.

Інтэрнет становіцца месцам дзеяньня дзе ізноў прайграваюцца старыя пытаньні і канфлікты, супрацьлегласьці і дыскурсы, патрабаваньні і ўяўленьні  папярэдняй сьвядомасьці. У лічбавым сьвеце памятнае і гістарычнае мінулае зьмешваецца са складаным і супярэчлівым сучасным, з якім сутыкаюцца індывідуумы.

Адбудова этнічнасьці ў віртуальнай прасторы перасякае шматлікія межы – лакальнага і глабальнага, хатняга і гасьцявога, матэрыяльнага і уяўнага. Гэты працэс перасячэньня межаў прыводзіць да ўзнікненьня працэсаў новага размежаваньня   рамак прыналежнасьці і уяўлення новай пост-нацыянальнай тапаграфіі.

Пры ўсёй непрадказальнасьці развіцця інтэрнета, можна зазначыць, што бінарнасьць абезпрасторваньня/перапрасторваньня кібернетычнага сьвету цягне за сабой геаграфічныя, гістарычныя ды сацыяльныя пераўтварэнні, а таксама культурныя пераканфігурацыі.

 

 

IV. Дыяспарныя кантэксты

У мадэрновам дыскурсе тэрмін дыяспара ў самым шырокім сэнсе азначае самасьвядомую культурную супольнасьць, што расьсялілася з пэўнай тэрыторыі, але падтрымлівае сувязі з месцам свайго паходжаньня. (Fullilove, 2008). У такім разуменьні ёсьць два галоўных складніка. Па-першае, патрабаваньне самаўсьведамленьня, як перадумовы існаваньня дыяспарнай грамады. Дыяспара не ёсьць наўпроставым натоўпам мігрантаў, яе чальцы працягваюць ідэнтыфікаваць сабе з радзімай і развіваюць сувязі як паміж сабой так і з бацькаўшчынай.  Пры гэтым, зьвязанасьць, а не грамадзянства, ці прыналежнасьць да той ці іншай хвалі міграцыі акрэслівае прыналежнасьць да дыяспары.

Па-другое, дяспары з’яўляюцца транснацыянальным феноменам, як вызначае Самуэль Хантінгтон: “яны прарэзваюць дзяржаўныя межы”. Месца паходжаньня дыяспарнай групы можа нават не быць сучасным нацыянальным дзяржаўным утварэньнем - як гэта было доўгі час з габрэямі, армянамі (ibid) і, ў пэўным сэнсе, з беларусамі, што не вызначалі БССР як краіну свайго нацыянальнага паходжаньня.

Транснацыянальнасьць дыяспары вызначаецца праз пазбаўленьне нацыянальнай супольнасьцю пэўнай тэрыторыі ў выніку міграцыяйных працэсаў. Такое абезпрасторваньне, у агульным, з'яўляецца адной з цэнтральных сілаў у сучасным сьвеце, паколькі яна прыносіць працоўнае насельніцтва ў, звычайна, ніжэйшыя класавыя сектары ці прасторы ў  адносна багатых краінах.

Дыяспары, як і нацыі, таксама можна апісваць як уяўныя супольнасьці. Такая характэрыстыка, што запазычаная ад Бэнедыкта Андэрсана, падкрэслівае з аднаго боку немажлівасьць непасрэднага кантакту з цэлай групай, а з другога -- далучэньне да аналагічных перакананьняў, сімвалаў і мітаў. У глабальным культурным кантэксьце да супольнасьцяў з дыяспарным статусам можна аднесьці транснацыянальныя групы, што не маюць дамінуючай пазіцыі. Так, напрыклад, глабальныя англійскія і французскія культуры не ўспрымаюцца як дыяспары, таму што іхнія мовы і культуры маюць прывелігіяваныя становішчы ў транснацыянальных медыях і ў іншых механізмах глабалізацыі “зьверху”.

Дыяспары падтрымліваюць “патройныя дачыненьні” паміж:

1) глабальна расьсеянымі, аднак калектыўна самаўсьведамленымі этнічнымі групамі;

2) тэрытарыяльнымі краінамі і кантэкстамі ў якіх яны знаходзяцца;

3) краінамі паходжаньня і кантэкстамі з якіх яны (ці іх папярэднікі) паходзяць (Vertovec, 1999).

Дыяспарнае месца (site) становіцца культурнай мяжой паміж краінай паходжаньня і краінай жыхарства. Гэтая, так бы мовіць, трэцяя прастора – зона сутыкненьня розных кантэкстаў, ёсьць месцам шчыльнай творчасьці, народжанай прагай да жыцьця абезпрастораных асобаў, што знаходзяцца не тут і не там.

Хачыг Цёцёлян дае вельмі шырокае азначэньне дыяспары як “узорных супольнасьцяў транснацыянальнага моманту” і пазьней дадае “тэрмін, які раней азначаў расьсейваньне габрэяў, грэкаў ці армян, зараз падзяляе значэньне большай семантычнай прасторы, што ўключае такія словы як імігрант, экпатрыят, бежанец, гасьцявы працаўнік, супольнасьць у выгнаньні, супольнасьць замежжа, этнічная супольнасьць” (Tötölian, 1991).

Аднак дыяспары не толькі абслугоўваюць транснацыянальныя працэсы ў якіх абезпрастораныя асобы куюць і падтрымліваюць шматжыльныя сацыяльныя адносіны, што зьвязваюць іх грамадства паходжаньня ды  жыхарства; дыяспары становяцца сховішчам кантэкстаў у глабалізуючам сьвеце, бо гэтыя супольнасьці вераць у тое,  што яны мажліва не могуць быць прынятымі/асіміляванымі новымі краінамі і быць інтэграванымі ў іншыя, адрозныя кантэксты (Safran, 1991).

Адносна невялікі кошт і дэцэнтралізаваная адкрытасьць інтэрнэт асяроддзя дазваляюць нацыянальнай сьвядомасьці выкарыстоўваць новую моцную прастору камунікацыі каб пацьвердзіць сабе, супрацьстаяць асіміляцыі а таксама перапрацаваць свой зьмест у новых умовах.  Дыяспарныя супольнасьці спрабуюць такім чынам захаваць этналандшафт у варунках, калі бурацца межы нацыянальных дзяржаў і легітымнасьць апошніх пад пытаньнем.

Дыяспарныя грамады вераць таксама ў тое, што яны адданыя падтрыманьню альбо аднаўленьню сваёй радзімы (Safran, 1991). Транснацыянальныя дыяспары канкуруюць з нацыянальнымі дзяржавамі ў канструяваньні ідэнтычнасьці. Таму я надалей буду рушыць усьлед за Джэймсам Кліфардам, які выкарыстоўвае тэрмін дыяспары “як знака не проста транслакальнасьці альбо руху, але як маркер палітычнай барацьбы за вызначэньне лакальнага, як выразнай супольнасьці, у гістрычным кантэксьце абезпрасторваньня” (Clifford, 1994).

 

V. Новая беларуская дыяспара

У пачатку XXI стагоддзя на небасхіле беларускага замежжа ўзнікла новая плыня дыяспарных утварэньняў палітычна актыўнай моладзі, якія спрабуюць рознымі шляхамі рэалізаваць свой патэнцыял уплыву на падзеі ў Беларусі.

Да характэрных рысаў новай беларускай дыяспары можна аднесьці:

1) паступовы рух ад прасторавай грамады да віртуальнай, інтэнсіўнае засвойваньне інтэрнет-прасторы ды карыстаньне сродкамі камунікацыі анлайн,

2) частковае зьліцьце з грамадскай супольнасьцю Беларусі ў выніку сьціраньня прасторавых межаў,

3) новыя арганізацыйныя формы парцтікулярнага ўзаемадзеяньня дыяспарных асобаў “пад мэту”, якія не патрабуюць жорсткай фіксацыі прыналежнасьці – рознага кшталту ініцыятывы, інтэрнет-акцыі, блёгі (напрыклад http://l-u-f-t.livejournal.com/234200.html)  і г.д.,

4) наўпроставы ўплыў на палітыку ідэнтычнасьці мэтраполіі праз адбудову альтэрнатыўнай лакальнасьці і сьвядомасьці ў інтэрнет-прасторы,

5) прасоўваньне беларускай лакальнасьці ў глабальны кантэкст – палітычны лёбінг і рэбрэдзінг мэтраполіі.

Новыя беларускія дыяспарныя ўтварэньні праз сродкі сучаснай камунікацыі, напрыклад праграмы Skype, ўтвараюць анлайн-супольнасьці лідараў і актывістаў дыяспары разам з беларускай грамадскай супольнасьцю, праводзяць лабіяваньне палітычных інтарэсаў Беларусі ў краінах свайго жыхарства, у тым ліку праз стымуляваньне грамадскай цікавасьці да пытанняў беларускай культуры і Беларусі ў цэлым. Такім сумесным культурным праектам розных ініцыятыў беларускай дыяспары сталі выставы беларускіх мастакоў “Мастацтва супраць дыктатуры”, якія ажыццяўляліся пад эгідай Кангрэса новай дыяспары Эўропы і ЗША.

Фармаваньні новай дыяспары маюць дыскусыйныя пляцоўкі, іфармацыйныя рэсурсы ды базы дадзеных карыснай інфармацыі, напрыклад, на вэб-старонцы www.3dway.org, а таксама вырабляюць незалежную аудыё- і відэаінфармацыю (Партызанфільм http://www.partyzanfilm.net/, інфармацыйны канал інтэрнет супольнасьці Трэццяга шляху ў Ют’юбе www.youtube.com/3dway).

У інтэрнеце створаныя публічныя форумы дыяспары, якія мэтраполія не ў стане кантраляваць. Такое разбурэньне манаполіі краіны походжаньня ствараць публічныя форумы  мае важнае значэньне, бо яно дазваляе дыяспарным асобам прымаць удзел у двух тыпах палітычнай дзейнасьці. Па-першае, інтэрнет дазваляе тым, хто знаходзіцца па-за межамі мэтраполіі атрымаць доступ да мэдыйных ці іншых рэсурсаў з мэтай праводзіць апазіцыйныя палітыкі без страху імгненных палітычных рэпрэсій з боку краіны паходжаньня, таму што дыяспара знаходзіцца звонку хатняй дзяржавы.

Па-другое, такое разбурэньне дзяржаўнай манаполіі дазваляе тым, хто можа стаць суб’ектам рэпрэсіі ў мэтраполіі, разьлічваць не толькі на падтрымку іншых мігрантаў – чальцоў дыяспарнай супольнасьці, але і на садзеяньне аргнізацый па абароне правоў чалавека. Доступ да сеціва зьнешняй падтрымкі падвышае выдаткі мэтраполіі на ажыцьцяўленьне рэпрэсіяў да сваіх грамадзянаў. Фактычна, інтэрнет і зьвязаныя з ім тэхналогіі дазваляюць заставацца ў замежжы і пры патрэбе вяртацца праз інтэрнет; ці быць у межах метраполіі, але мець мажлівасьць пакінуць яе тэрыторыю пры набходнасьці. Абезпрасторваньне пазбаўляе дзяржаву манаполіі на ажыцьцяўленьне гвалту ў межах пэўнай тэрыторыі. Так можна згадаць выпадак з былой студэнткай БДУ – Тацьцянай Шапуцькай – якая была адлічаная з-за палітычнай актыўнасьці і даволі хутка была залічаная ў ЕГУ, што месціцца ў Вільні, Літва.

Да фармаваньняў новай дыяспары можна аднесьці: ініцыятыву Беларускай нацыянальнай  памяці (Польша), Службу палітычных даследваньняў (Немеччына), ініцятыву “Мы памятаем” (Нідэрланды), НПА “Беларускія ініцыятывы ў Эстоніі”, “Новы шлях для Беларусі” (Эстонія), Асацыяцыю беларускай моладзі ў ЗША, Асацяцыю студэнтаў ЕГУ (Літва), Інтэрнет супольнасьць “Трэці шлях” (Беларусь, Эстонія, Літва, Украіна, Нямеччына, ЗША і г.д.), Беларускі музей у Нью-Ёрку ды іншыя.

Пры аналізе ўтварэньня новай беларускай дыяспары бачнае падабенства новай міграцыяйнай плыні да т.з. “старых” заходніх дыяспар  БНР і БЦР - новыя моладзевыя ініцыятывы таксама сфармаваныя палітычнымі ўцекачамі ды мігрантамі і спрабуюць уплываць на прыняцьце палітычных рашэньняў у дачыненьні да Беларусі ў Еўропе і ЗША. І ўсё ж, у адрозненьне ад старых дыяспар выгнаньня, бальшыня маладых актывістаў новай дыяспары захоўваюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь і тым самым  могуць прымаць удзел у палітычным жыцьці метраполіі. Напрыклад, студэнт Тартускага ўніверсітэту Ігар Случак актыўна удзельнічае ў мясцовых выбарах, што адбудуцца ў красавіку 2010 года ў Беларусі (гл. http://ihar-sluchak.livejournal.com/tag).

 

 

VI. Вытворчасьць лакальнасьці у інтэрнеце

Прасторавая пераканфігурацыя адбываецца праз сродкі камунікацыі ў інтэрнет, што дазваляюць прасоўвацца ва ўяўнай прасторы з хуткасьцю сьвета. Так, напрыклад, можна фізычна знаходзіцца, у Беларусі, а працаваць у ЗША, ці ў краінах ЭЗ, пры гэтым мець банкаўскі рахунак у Швецыі і зарэгістраваны бізнес у афшорнай зоне Паўднёвай Азіі.  Фактычна, абезпрасторваньне адбываецца праз уваход у безмежжа інтэрнету.

Такім чынам, не існуе больш істотнай розніцы паміж “рэчаіснымі” дыяспарамі ў замежжы і дыяспарнымі практыкамі асобаў, якія фізычна не пакідаюць межаў Рэспублікі Беларусь. Віртуальныя дыяспары адрозніваюцца ад іншых не-дыяспарных супольнасьцей у інтэрнеце захоўваньнем кантэкстаў “першапачатковага” культурнага ландшафту. Гэта аднак не азначае, што гэты ландшафт з'яўляецца нейкім нязменным ці трансцэндэнтным феноменам; ён ўзнікае разам з лакальнасьцю ў практыках канрэтных лакальных суб'ектаў у пэўных суседскіх абшчынах і можа зьмяняцца з цягам часу. Галоўным для віртуальнай дыяспарнай грамады застаецца патрабаваньне ўсьведамленьня сваёй адметнасьці, як перадумовы існаваньня дыяспарнай супольнасьці.

 

У віртуальнай прасторы разам з абезпрасторваньнем пачынаецца таксама засваеньне новай прасторы, у межах практыкі канструяваньня лакальнасьці ды дыяспарнай адаптацыі праз пераасэнсаваньне сваёй культуры ў супрацьстаяньні іншым, існым ў сеціве культурным супольнасьцям. Значная частка культурнай творчасьці дыяспары скіраваныя на утварэньне ўяўленага месцазнаходжаньня побач з існуючай мапавай прасторай.

Такое апрасторваньне адбываецца праз засваеньне вобразаў, гукаў (музыкі), асэнсаваныя дзеяньні ды іншыя культурныя практыкі. Прычым канструяваньне супольнасьці праз уяўленьне можа запоўніць лакуны адсутнасьці прасторы карыстючыся памяцьцю ды практыкамі ўзгадваньня.

Так, напрыклад, у беларускім этналандшафце інтэрнэта прадстаўлены практыкі “ars memorativa” ініцыятывамі “100 адрасоў Свабоды” ды Беларускай нацыянальнай памяці. Віртуальнае канструяваньне "памятных месцаў" мемаралізуе барацьбу за каштоўнасці  нацыянальных культуры, мовы і сымбаляў, а таксама дэмакратыю і свабоды чалавека. Так “адрасы Свабоды” выбудоўваюць сацыякультурны хранатоп засноўваючыся на практыках камемарацыі "выцесненай" памяці, пры гэтым сучасныя тэхналогіі віртулізацыі транснацыянальнай сацыяльнай прасторы паказваюць патэнцыял разбурэння дзяржаўнай манаполіі на адбудову нацыянальнай памяці.

Адбудова тэрыторыі такой ўяўнай гэаграфіі адбываецца насуперак ціску дзяржаўнага дыскурсу, пры гэтым дыяспарная супольнасьць спрабуе пабудаваць сваю прастору і размесьціць сваю ідэнтычнасьць у іншых ўяўленьнях аб рэчаіснасьці.

Найбольш яскрава палітычная барацьба за вызначэньне лакальнага прадстаўлена інтэрнет-ініцыятывай “Грамадзянства БНР” на старонцы http://hbnr.org. Старонка заяўляе, што “на сёньняшні дзень толькі Рада Беларускай Народнай Рэспублікі валодае легітымнасьцю беларускай улады, зыходзячы з нормаў беларускага i міжнароднага права”. Рада БНР уяўляецца ак сымбаль “вялікай і гістарычнай справы”, сымбаль, які “абгрунтаваны і фармалізаваны правам”.

Стваральнікі старонкі сьцвярджаюць, што такая сымбальная, уяўная рэчаіснасьць можа аднавіць сваю “сапраўдную” рэчаіснасьць праз “вяртаньне ў дзяржаўны кантэкст Ідэалаў Беларускай Народнай Рэспублікі”, што створыць нармальную ўладу, дасць гарантыі незалежнасьці і “эўрапейскага лёсу Беларусі”. У пэўным сэнсе гэтая дыяспарная ініцыятыва адбудовы віртуальнай супольнасьці апярэдзіла свой час – узровень пранікненьня інтэрнет у беларускае грамадства быў занізкім у 1997 г. і мабілізацыйны патэнцыял БНР не мог быць скарыстаны.

 

 

VII. Некаторыя вывады

Беларуская дыяспара праз адыход ад просторавай да віртуальнай грамады, праз карыстаньне сродкамі інтэрнету, больш не з’яўляецца адарванай ад мэтраполіі выспай беларускага жыцьця. Транснацыянальныя віртуальныя супольнасьці дыяспары маюць рэальны патэнцыял успадкаваць назапашаны вопыт існаваньня беларускай дыяспары ў глабальным кантэксьце і трансляваць здабыткі беларускай культуры ў замежжы наўпрост у мэтраполію. Беларуская дыяспара таксама можа стаць апірышчам у прасоўваньні беларускай “лакальнасьці” ў глабальныя кантэксты, дапамагчы “рэбрэдзінгу” краіны ў сусьветным масштабе, бо яна лепей разумее, як дзейнічае вонкавы сьвет.

Новыя фармацыі беларускай дыяспары не ведаюць фармальных абмежаваньняў нацыянальных дзяржаў і падтрымліваюць анлайн сувязь паміж дыяспарычнымі асобамі ва ўсім сьвеце. Дыяспара як гістарычнае сховішча розных кантэкстаў беларускага этналандшафта, пры гэтым, адараванае ад мэтраполіі,  утрымлівае розныя кропкі “адліку” ці “адкату” нацыянальнай сьвядомасьці ў часавай прасторы.

Аднак, у адрозненьне ад папярэдніх часоў, суседская грамада новых дыяспар вырабляе лакальнасьць не толькі дзеля чальцоў сваёй грамады, але і ўдзельнічае ў канструяваньні нацыянальнай ці этнічнай сьвядомасьці пораз альбо ў канкурэнтных адносінах да нацыянальнай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь.

Беларуская дыяспара апынулася ў пэўным авангардзе ў параўнаньні з мэтраполіяй у засваеньні віртуальнай прасторы інтэрнету і адбудовы лічбавай ідэнтычнасьці ў інтэрнеце.  Шматлікія вэб-рэсурсы новай беларускай дыяспары прапаноўваюць розныя тэхнікі апрасторваньня ўяўнай тэрыторыі, адбудовы віртуальнай этнічнасьці. На жаль, беларуская дзяржава застаецца ў межах мадэрнага дыскурсу палітык ідэнтычнасьці. У Рэспубліцы Беларусь працягваецца канструяваньне прасторавай лакальнасьці  у межах адпаведных культурніцкіх кампаній такіх як “Мы беларусы” і “Беларусы – гэта мы”, розных камемаратыўных практык – праз адзначэньне Дня Перамогі, пабудовы “Лініі Сталіна”.

У гэты самы час значная частка жыхароў Беларусі праводзіць большасьць свайго часу ў інтэрнет па-за межамі нацыянальнага дамену .by, масава ўдзельнічае ў  сацыяльных сетках “Однокласники”, “В контакте” ці “FaceBook”, грае на сэрверах масавых шматкарыстальніцкіх анлайн-гульняў такіх як http://s1.ikariam.by ды іншых. Беларуская дзяржава цалкам згубіла ініцыятыву ў прапаноўваньні сваім грамадзянам паслугаў, заснаваных на лакальнасьці (Locality Based Services).

Рэспубліка Беларусь функцыянальна адсутнічае ў лічбавым вымярэньні, калі не лічыць старонак “візітовак” ці не шматлікіх і не папулярных форумаў. Адсутнічаюць якія-небудзь значныя, штодзённые практыкі лакальных суб’ектаў – грамадзян Рэспублікі Беларусь у віртуальнай прасторы зьвязаныя з адбудовай віртульнай нацыі ў інтэрнеце. Так, дагэтуль не распаўсюжаны лічбавы подпіс, немажліва зьвярнуцца наўпрост у дыгітальныя рэгістры бізнес-арганізацый, насельніцтва, транспарту, здаць дзяржаўныя экзамены ці ўдзельнічаць у электронных выбарах.

У дадатак да папяровага пашпарту грамадзяніна РБ ці карткі беларуса, беларуская дзяржава мае патрэбу у надзяленьні лічбавага ідэнтытэту (пры дапамозе, нарыклад, ID-cards) асобам, што асацыююць сабе з Беларусьсю. Праз лічбавы ідэнтытэт нацыянальная дзяржава зможа прапанаваць прызнаньне і задаць палітычнае вымярэньне і значэньне дзейнасьці віртуальных супульнасьцей і дыяспарных практык, будзе мець магчымасьць скіроўваць палітычны, сацыяльны, эканамічны ці культурны удзел у віртуальнай нацыі. Такім мне бачыцца новы агульнанацыянальны праект дзеля Беларусі– стварэньне віртуальнай нацыі.

 

Юрась Юркевіч

 

 

 

Выкарыстаная літаратура

 

  1. Anderson, B. 1983. Imagined Communities. London: Verso.
  2. Appadurai, A. Modernity at Large: Cultural Dimension of Globalization. Minneapolis: University of Minnesota Press, 1996.
  3. Clifford, J.1994. Diasporas. Cultural Anthropology 9, 3, 302-338.
  4. Safran, W. 1991. Diasporas in Modern Societies: Myths of Homeland and Return. Diaspora 1, 1, 83-99.
  5. Tötölian, K. 1991. The Nation State and its Others: In Lieu of a Preface. Diaspora 1, 1, 3-7.
  6. Vertovec, S. 1999. Conceiving and Researching Transnationalism. Ethnic and Racial Studies 22, 2, 447-463.
  7. Diamandaki, K. 2003. Virtual ethnicity and digital diasporas:  Identity construction in cyberspace. Global Media Journal 2, 2.
  8. Robertson, R. 1995. Glocalization: time-space and homogeneity-heterogeneity. In M. Featherston, S. Lash, and R. Robertson (Eds). Global modernities (pp: 25-44). London: Sage Publications.
  9. Fullilove, M. 2008. Diasporas and the international system. Lowy Institute for International Policy, Australia.

 

Карысна азнаёміцца з наступнымі інтэрнет-крыніцамі:

  1. Старонка Інстытута Наўтілус, прысьвечаная віртуальным дыяспарам: http://www.nautilus.org/gps/virtual-diasporas.
  2. Caslon Analytics: e-politics guide: http://www.caslon.com.au/politicsguide14.htm#diasporas.

 

 

Падзяліцца: