Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Ніна Баршчэўская "Лёсы беларускае мовы ў асьвятленьні эміграцыйнага часопіса „Веда” - 2"

На старонках „Веды” друкаваліся гістарычныя, этнаграфічныя і мовазнаўчыя матэрыялы, між іншым, абмяркоўвалася пытаньне разьвіцьця друкарскай справы на беларускіх землях.

Ян Станкевіч прыгадаў, што першая беларуская друкарня была адчынена ў 80-х гадох XV ст. у Кракаве. Паўстала яна дзякуючы стараньням беларускіх магнатаў, што былі ў Кракаве пры сваім вялікім князю Казімеру Ягайлавічу, які быў адначасова польскім каралём. З гэтае друкарні ў 1483 годзе выйшаў першы беларускі друк Триодь Цветная (богаслужэбная кніга да багаслужбы на рухомыя дні ад Вялікадня да нядзелі Ўсіх Сьвятых), у 1491 годзе – Октоих (царкоўны песеньнік), Часословец, Псалтыр, Триодь Постная і (другі раз) Триодь Цветная. Гэтыя кнігі былі надрукаваныя ў царкоўна-славянскай мове беларускае рэдакцыі з мноствам беларускіх асаблівасьцяў (Я. Станкевіч, Доля мовы беларускае (яе вонкашняя гісторыя) у розныя пэрыяды гісторыі Беларусі, [у:] „Веда”, № 1 (28),  Нью-Ёрк 1954, с. 9-10).

Пасьля гэтага чвэрць стагодзьдзя не было ніякіх вестак пра беларускі друк. Толькі ў 1517 ст. Францішак Скарына заснаваў беларускую друкарню ў чэскай Празе, у якой у 1517-1519 гадох надрукаваў зроблены ім пераклад на беларускую мову Бібліі. У 1520 годзе перавёз друкарню ў Вільню, дзе надрукаваў новае выданьне Бібліі. Друкарня Ф. Скарыны стаяла на высокім узроўні й мела вялікі ўплыў на разьвіцьцё друкарскае справы ў Беларусі ды ў суседніх краёх. Друкарні хутка пачалі пашырацца па цэлай краіне. Друкаваліся ў іх кнігі як у беларускай мове, гэтак і ў царкоўна-славянскай.

У 1564 годзе беларускі эмігрант-друкар Пётра Цімафееў з Мсьціслава разам зь Іванам Фёдаравым надрукавалі ў Маскве Апостола. Усе акалічнасьці паказваюць на тое, – заўважае Ян Станкевіч – што маскоўцы купілі друкарню ў беларусаў, а разам зь ёю ў Маскву прыехаў і друкар Пётра Мсьціславец. Іван Фёдараў паходзіў з Постуні Ліхвінскага павету, якая ў той час належала да Маскоўскай дзяржавы, а пазьней – да Арлоўскай губэрні (Тамсама).

З прычыны надрукаваньня першае кнігі ў Маскве друкары былі абвінавачаныя ў чараўніцтве й мусілі ўцякаць на беларускія землі, а друкарня была спаленая. Яны працягвалі сваю друкарскую працу ў Заблудаве каля Беластоку ў друкарні беларускага магната Рыгора Хадкевіча, вялікага гетмана ВКЛ, а друкарства ў Маскве пачалося толькі ў XVІІ ст. (Тамсама, с. 10-11).

У 1569 годзе Мсьціславец пакінуў Заблудаў. Ён стаўся арганізатарам вялікай друкарні братоў Мамонічаў у Вільні. Фёдараў жа пераехаў у Львоў і заснаваў там сваю друкарню, дзе ў 1574 годзе быў выдадзены Апостал, які быў першай кнігай, надрукаванай на Ўкраіне (Станкевіч 1954, №1: 11).

Стары царкоўна-славянскі альфабэт быў нявыгадны чытаць і пісаць. Дзеля таго ў беларускім пісьме пачаў выпрацоўвацца шрыфт, набліжаны формаю да лацінскага. Быў гэта беларускі скорапіс, які пачаў пранікаць і да друку. Вельмі падобным да скорапісу зьяўляецца друк Статуту Літоўскага 1588 году. Яшчэ больш набліжаныя літары да лацінскіх маем на тытульных бачынах віленскіх друкаў XVІІ ст., прыкладам, у кнізе Ефимериос (Тамсама, с. 12).

Беларускі эмігрант і дырэктар друкарні ў Амстэрдаме, Гальляш Капіевіч (часам званы Капіеўскім), у канцы XVІІ ст. поўнасьцю зрэфармаваў беларсукі альфабэт: спрасьціў літары й прыдаў ім акругленую форму. Рэформа Капіевіча была прынятая ўсімі народамі, якія карыстаюцца кірыліцай (Тамсама).

Побач з кірылічным альфабэтам у беларускай мове, праўда, у меншай ступені, ужываецца лацінскі альфабэт. Пачаткі яго сягаюць у Беларусі XVІІ ст. У XІX ст. бальшыня беларускіх друкаў, выдаваных па-за межамі Беларусі – найчасьцей, з прычыны забароны расейскімі ўладамі друкаваць па-беларуску – выходзіла лацінкаю. У 20-х гадох XX ст. сярод часткі беларусаў было імкненьне ўвесьці лацініцу як адзіны агульнабеларускі альфабэт (Тамсама, с. 13).

Гаворачы пра альфабэт на беларускіх землях, нельга забыць і пра арабскі, ужываны жменькаю беларускіх мусульманаў у рэлігійных творах, у якім арабскія значкі адлюстроўваюць беларускія галосныя й зычныя гукі. Менавіта гэтай праблематыцы быў прысьвечыны артыкул Яна Станкевіча Мова рукапісу „Аль Кітаб” Крывіцкага Музэю Івана Луцкевіча ў Вільні ([у:] „Веда”, №1, Нью-Ёрк 1952, с. 25-34), але пра гэта слухайце праз тыдзень.

 

Ніна Баршчэўская, "Польскае радыё для замежжа"

 

Падзяліцца: