Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Ніна Баршчэўская "Лёсы беларускае мовы ў асьвятленьні эміграцыйнага часопіса "Веда"

Навукова-літаратурны часопіс „Веда” выдаваўся на беларускай мове Крывіцкім (Беларускім) навуковым таварыствам. Выходзіў у гадох 1951-1954 у Нью-Ёрку. Галоўным рэдактарам быў Ян Станкевіч.

 

На старонках „Веды” друкаваліся гістарычныя, этнаграфічныя, мовазнаўчыя ды іншыя навуковыя матэрыялы. У мовазнаўчых публікацыях зьмяшчаліся пастановы Зборак чысьціні беларускае мовы, абмяркоўваліся пытаньні культуры мовы, разглядалася праўніцкая тэрміналёгія, мова рукапісу Аль-Кітаб і розных беларускіх плямёнаў, параўноўваліся этнаграфічныя й гістарычныя тэрыторыі Беларусі зь сёньняшнімі межамі. Часопіс зьмяшчаў інфармацыю пра грамадзкае й культурнае жыцьцё беларускага асяродка ў Амэрыцы. На яго старонках друкаваліся таксама літаратурныя творы беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў.

Галоўным аўтарам мовазнаўчых публікацыяў быў Ян Станкевіч. Сытуацыяй беларускае мовы ў розныя гістарычныя пэрыяды аўтар заняўся ў публікацыі пад назовам Доля мовы беларускае (яе вонкашняя гісторыя) у розныя пэрыяды гісторыі Беларусі (у: „Веда”, № 1 (28), 1954 Нью-Ёрк, с.1-13).

Агляд становішча беларускае мовы аўтар публікацыі пачаў з царкоўна-славянскіх тэкстаў XІ-XІІ ст.ст. Адзначыў ён, што разам з прыняцьцем хрысьціянства ў канцы X ст. зьявілася ў Беларусі літаратура. Была яна ў царкоўна-славянскай мове, у якой толькі несьвядома прабіваліся некаторая беларуская лексыка ды фанэтычныя й граматычныя асаблівасьці. Гэткія памяткі ёсьць ужо з XІ і XІІ ст.ст., напрыклад, творы Хвядоса Пячэрскага (1074), апісаньне падарожжа да Палестыны ігумена Данілы (пачатак XІІ ст.), творы Кірылы Тураўскага, Аўраама Смаленскага ды іншых з XІІ ст., але яны захаваліся толькі ў копіях з XІІІ й пазьнейшыx стагодзьдзяў. З ранейшых арыгіналаў захаваліса толькі два эвангельлі: Астрамірава (1056) і Архангельскае (1092).

У першым зь іх  назіраюцца выпадкі зацьвярдзеньня зычных р, ц, ч, а ў другім эвангельлі – апрача зацьвярдзеньня р, ц яшчэ пераход ераў перад й у ы, і ды некалькі прыкладаў е на месцы ненаціскнога яць. Даволі багаты, у параўнаньні з царкоўнымі творамі, народны элемэнт знаходзіцца ў Слове аб палку Ігаравым, што трэба выясьняць ягоным сьвецкім характарам. Па словах Станкевіча, спарадычна ў XІ ст. і сыстэматычна ў XІІ напісаныя альбо перапісаныя беларусамі царкоўна-славянскія памяткі мелі такія асаблівасьці, як: ж замест цсл. жд < дй, ж замест цсл. жд < здй і згй, -ъмь, -ьмь замест цсл. -омь, -емь у творным склоне адзіночнага ліку, канчатак -ть-тъ у 3 ас. адзіночнага й множнага ліку, формы займеньнікаў тобе, собе ў давальным і месным склонах ды некаторыя іншыя. замест цсл.

У творах практычнага характару XІІІ-XІV ст.ст. (рознага роду лістох-дакумэнтах: адміністрацыйных, дароўных, тэстамэнтах, гандлёвых умовах і да г.п.) ужывалася не царкоўна-славянская мова, але дыялекты беларускае народнае мовы. У бальшыні сваёй гэта малыя творы, але частка зь іх – вялікага памеру й багатага зьместу, як гандлёвая ўмова Смаленска зь немцамі 1229 году альбо ліст Рыжан да Віцебска каля 1280 году з пратэстам супраць дзеяньняў Віцебскага князя.

У час Вялікага Княства Літоўскага беларуская мова сталася моваю права, судоў, адміністрацыі. З часам вытварыліся ў ёй нормы, якія абавязвалі ўсіх пішучых, незалежна ад дыялекту мясцовасьці іхнага паходжаньня. У пачатку XV ст. – адзначае Ян Станкевіч – нормы гэтае мовы мелі ўжо закончаны характар. Сярод іх вызначыліся, між іншым, такія марфалягічныя рысы, як:

• канчатак давальнага склону адзіночнага ліку мяккіх асноваў на ’а: куплі;
• канчатак -у роданага склону адзіночнага ліку назоўнікаў: столу, лісту;
• канчатак назоўнага склону множнага ліку мяккіх асноваў на ’о: князі, гаі;
• форма дзеясловаў 3 асобы адзіночнага й множнага ліку цяперашняга часу на -ть: идеть, идуть;
• канчатак тэматычных дзеясловаў 1 асобы множнага ліку : чынім, гуляем;
• канчатак 1 асобы ммножнага ліку атэматычных дзеясловаў -мо: есмо, дамо;
• лексычныя зьявы – выступаюць такія словы, як: адказ, адзіночыць, гаспадар, гаспадарства, спадар, спадарыня, спадарства, год, маемасьць, родзіч, сябра.

Гэтыя рысы сьведчаць пра тое, што дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага была мова беларуская, асновай якой сталіся паўночна-ўсходнія гаворкі беларускага сярэдняга дыялекту – мова паўднёвае часткі асноўнага ядра даўнейшае Полаччыны.

Ніна Баршчэўская

"Польскае радыё для замежжа"

Падзяліцца: