Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Алег Рудакоў "Беларусы Прыбайкалля: 13-гадовы вопыт працы па захаванню і развіццю беларускай культуры"

Алег РудакоўРэгіянальнае грамадскае аб’яднанне “Іркуцкае Таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага” (РГА ІТБК) існуе 13,5 год. Першы З’езд беларусаў Прыбайкалля прайшоў 31 траўня 1996 года.

Кожныядва гады мы праводзім, згодна статуту, чарговыя справаздачныя З’езды нашай супольнасці. Акрамя справаздачы і  зацвярджэння Акта Рэвізійнай камісіі на нашым форуме прымаецца Праграма развіцця РГА ІТБК на чарговыя два гады.

Апошні З’езд нашага Таварыства прайшоў у сакавіку 2008 года. На ім мы прынялі Праграму, у якой зацвердзілі 20 накірункаў нашай дзейнасці на бліжайшыя два гады. Згодна з гэтай Праграмай мы зараз і працуем.

Але перад тым як трохі распавесці пра нашыя варункі, я хацеў бы паведаміць, што ў Іркуцкай вобласці дзейнічае 11 аддзяленняў нашай суполкі. У тым ліку у гарадах: Чарамхова (старшыня Васіль Ракіта), Усолле-Сібірскае (старшыня Ігар Парцянкін), Брацк (старшыня Наталля Шаўцова), Слюдзянка (старшыня Ларыса Аболіна), Іркуцк (старшыня Алена Сіпакова), - у вёсках: Тургенеўка Баяндаеўскага раёна (старшыня Маргарыта Асечкіна), Андрушана Куйтунскага раёна (старшыня Ніна Кузняцова), Тарнопаль Балаганскага раёна (старшыня Таццяна Дарчы), Бабагай і Марынінск, Жызнеўка Заларынскага раёна (старшынi Тамара Гапаненка і Ларыса Гаўракова), Чарчэт Тайшэтскага раёна (старшыня Наталля Барадзейка). Таксама існуе 7 ініцыятыўных груп, якія пакуль што не правялі свае ўстаноўчыя сходы, але ўжо вядуць сякую-такую культурна-адраджэнскую беларускую працу

Дарэчы паміж Чарчэтам і Слюдзянкай роўна 1000 кіламетраў. Вось такая ў нас геаграфія…

Пры РГА ІТБК існуюць:

  • 6 фальклорных гуртоў: “Ручнічок” (в. Сулкет), “Марусенькі” (в. Тарнопаль), “Сунічкі” (в. Андрушана), “Вецераначка” (в. Міхайлаўка), “Ленушка” (г. Іркуцк), “Квяточак” (в. Бабагай);
  • 1 Народны беларускі хор “Варэнічкі” (в. Тургенеўка);
  • 3 дзіцячыя фальклорныя студыі: “Чабарок” (в. Андрушана), Ручнічок (в. Тургенеўка), “Сяброўкі” (г. Свірск);
  • 2 хараграфічных дзіцячых ансамбля: “Дзіва-Дзіўнае” і “Самацветы” (г. Іркуцк);
  • 3 эстрадныя гурты: “Явар і Каліна” (г. Іркуцк), “Ніка” (г. Свірск), “Дара і Раціслаў” (г. Іркуцк);
  • 7 салістаў: Віка Пракоп’ева (г. Свірск), Лера Вайтовіч (г. Тайшэт), Наталля Балуш (г. Усолле), Людміла Касьянава (г. Чарамхова), Уладзімір Рыжанкоў (г. Іркуцк), Вера Шчапёткіна (г. Іркуцк), Алесь Дзямідаў (г. Іркуцк);
  • 2 маладзёвых клуба: “Крыніцы” (в. Чарчэт) і “Крывічы” (г. Іркуцк), якія вядуць сваю працу па разнастайных накірунках.

Мы маем Сядзібу ў цэнтры горада Іркуцка, у якой размешчаны:

  1. Бібліятэка Беларускай Літаратуры (адзіная дзейсная нацыянальная бібліятэка ў рэгіёне. Кожную суботу наведвальнікі маюць магчымасць карыстацца ёй. Ужо шмат праз яе прайшло і студэнтаў, якія пісалі свае дыпломныя і курсавыя працы, прысвечаныя беларускай тэматыцы).
  2. Музей-майстэрня “Беларуская хатка”, дзе сабраны ўнікальныя экспанаты з беларускіх вёсак Прыбайкалля, а таксама стаяць два працоўных ткацкіх станка -- кросны. У гэтым музеі акрамя цікавай экспазіцыі наша моладзь займаецца старажытнымі рамёствамі: саломапляценнем, сэнсавай вышаўкай, ткацтвам, паясапляценнем, выцінанкай, вырабамі абярэгаў, рэканструкцый нацыянальных строяў, цестапластыкай і інш.).
  3. Рэдакцыя бюлетэня-газеты РГА ІТБК “Маланка”, якая выходзіць са студзеня 1997 года. Зараз яе наклад 900 асобнікаў, пераядычнасць 1 раз у месяц.
  4. Кансультацыйны цэнтр “Аіст” па пытаннях міграцыі і распаўсюджвання інфармацыі пра грамадзянскія правы ў Расіі сярод перасяленцаў з Беларусі.

Мэта РГА ІТБК – адраджэнне, захаванне і развіццё духоўных і культурных каштоўнасцяў Беларускага народа, павышэнне яго самасвядомасці, распаўсюджванне і падтрымка нацыянальных звычаяў, рамёстваў, абрадаў і мовы.

Прычым, мы надаём вялікае значэнне пытанню перадачы маладому пакаленню культуры і гістарычнай спадчыны нашага народа.

Мы верым, што толькі тады, калі моладзь і дзеці будуць размаўляць на беларускай мове, танчыць беларускія танцы, спяваць народныя песні, толькі ў гэтым выпадку казаць пра абсалютную асіміляцыю беларусаў у Іркуцкай вобласці не мае сэнсу.

Наша моладзь з’яўляецца галоўным чыннікам усёй працы РГА ІТБК.

У нас ёсць цудоўны моладзевы калектыў, які не шкадуючы свайго часу і моцы пастаянна працуе на карысць Беларускай культуры ў Прыбайкаллі.

На сённяшні дзень я магу з годнасцю сказаць, што мне асабіста можна ўжо “ісці на пенсію”  у справе грамадскай самаахвярнай працы.

Бо ёсць маладая плынь, якая гатова развіваць усе нашы накірункі самастойна і даволі прафесійна.

 

Як гэта гэта магло так стацца?  Толькі праз два чыннікі.

Першае. Мы выхоўвалі ў нашай моладзі гістарычны гонар за Беларускі народ. Мы праводзілі і праводзім шэраг літаратурна-гістарычных Вечарын, дзе распавядаем як пра “белыя” плямы нашай спадчыны, так і пра асобных дзеячоў нашага народа, якія захавалі для нас нашу культуру.

Другое. Мы тлумачым і вывучаем Беларускую мову. Прычым, мы ствараем моду на штодзённае выкарыстоўванне гэтай мовы. Наша моладзь з задавальненнем між сабой гамоніць па-беларуску. Больш таго ўзнікла мода на чыста беларускія імёны. Была Каця – мы завём яе Кася, была Оля – стала Воля. У нас ёсць Яўген, Алесь, Дара, Алеся, Яна і гэтак далей. І ім падабаецца, што іх так называюць. Прычым зараз у нашых маладзёнаў ужо нараджюцца свае дзеці і іх называюць нават па пашпарту беларускімі імёнамі. Напрыклад, у нас нават ёсьць маленькая дзяўчынка, якую афіцыйна назвалі Рагнеда.

Таксама поспех нашага Таварыства заключаецца ў тым, што мы стараемся весці нашу працу па выхаванні беларускай годнасці не проста актыўна, але і максімальна карысна. Адзін канал у Іркуцку зрабіў пра РГА ІТБК перадачу на 12 хвілін, і ў пачатку гэтай перадачы  паўжартам абвясціў, што на іх погляд у Іркуцку вядзецца нейкая “экспансія” беларускай культуры.

Чаму робяцца такія “заявы”? Таму што мы праводзім рознапланавыя мерапрыемствы, якія ў сваю чаргу становяцца цікавымі нашым СМІ, таму яны любяць у нас бываць. Таму амаль кожны месяц пра нас выходзяць сюжэты то на адным, то на другім іркуцкім тэлеканале. Таму ствараецца ўражанне пра “экспансію” беларускай культуры ў Прыбайкаллі.

Таксама для нас важна выкарыстоўваць шматгранныя накірункі. Не зацыклівацца на адным. Прычым, некаторыя рэчы мы робім першымі, ствараючы тым самым прэцэдэнт.

Вось, напрыкад, увосень 2008 года мы ўрачыста ў рамках Байкальскага грамадзянскага форума адкрылі стэлу-указальнік па дарозе на Малое мора Байкала (куды вялікім патокам едуць турысты) на двух мовах -- рускай і беларускай. Надпіс паведамляў, што побач знаходзіцца “Беларуская вёска Тургенеўка, заснаваная ў 1909 годзе”. А трохі ніжэй указвалася пра этнаграфічны музей. Шыльда аздоблена нацыянальным арнаментам. Гэты ўказальнік стаў культавым месцам. Самі жыхары Тургенеўкі любяць каля стэлы фатаграфавацца. А турысты на аўтобусах іншым разам і заязджаюць паглядзець на прыбайкальскіх беларусаў і іх музей.

Трохі пра нашы асноўныя накірункі:

  1. Мы з самага пачатку заснавання праводзім нашы нацыянальныя абрадывыя святы: Каляды, Гуканне Вясны, Купалле, Дажынкі, Дзяды і інш. Безумоўна, гэта робіцца як вельмі прыгожае відовішча, трохі тэатралізаванае, але з абавязковым захоўваннем  традыцыйных момантаў. А для таго каб правесці такое мерапрыемства, трэба, канечне, пра яго ўсё дасканала вывучыць. Вось тут узнікае чарговы накірунак –
  2. Праца літаратурна-гістарычнага клуба “Спадчына”,  дзе мы вывучаем нашу гісторыю. Актывісты ЛГК “Спадчына” амаль штомесяц праводзяць вечарыны, прысвечаныя малавядомым фактам нашай гісторыі, а таксама вывучаюць творы беларускіх класікаў. Апошняя вечарына прайшла ў нас 24 кастрычніка і была прысвечана “Міфалогіі, светаўспрыманню і вышэйшым Багам старажытнага племені Крывічы”.
  3. Таксама важны накірунак – гэта рэканструкцыя нацыянальных старажытных беларускіх строяў, прычым розных стагоддзяў. Наша моладзь на святы апранае толькі беларускае адзенне. Кожны актывіст МК “Крывічы” імкнецца да таго, каб у яго быў свой народны касцюм.
  4. У сувязі з гэтым у нас паспяхова развіваецца такі накірунак як адраджэнне беларускіх рамёстваў, пра якія я казаў ужо вышэй.
  5. Таксама у нас вельмі файна працуе секцыя па вывучэнню беларускіх бытавых танцаў. Нават я, чалавек трохі нязграбны, з задавальненнем танчу і магу навучыць любога з Вас пайсці ў скокі пад Лявоніху ці Польку.
  6. Вялікая праца вядзецца па стварэнню суполак ІТБК у Прыбайкаллі.
  7. Таксама мы робім шмат этнаграфічных вандровак па прыбайкальскіх вёсках. Што гэта нам дае. Па-першае, мы збіраем унікальны этнагрфічны матэрыял: песні, танцы, легенды, асобныя гісторыі. Па-другое, мы шукаем актыўных людзей, даём ім свае напрацоўкі, аказваем метадычную дапамогу і прапаноўваем стварыць наша аддзяленне. Па-трэцяе, прапаноўваем ім самім працягнуць этнаграфічную, краязнаўчыю працу па сваёй вёсцы і, як вынік, стварыць свой гурток. Гэта можа быць студыя, альбо клуб, альбо фальклорны гурт і г.д.
  8. Вялікім стымулам для працы нашых калектываў у глыбінцы з’яўляецца правядзенне Тыдня Беларускай культуры ў Іркуцкай вобласці. І тут самым важным мерапрыемствам з’яўляецца абласны Фэстываль-конкурс “Гучы гоман беларускі”. На яго з’язджаюцца калектывы з усяго Прыбайкалля. Гэта вялікі фэст у прэстыжнай зале Тэатра юных гледачоў. Самае цікавае што мы заўжды знаходзім сродкі для прэміравання нашых калектываў. На фэсце вызначаюцца лаўрэаты і ўдзельнікі.

Пра ўсе 20 накірункаў дзейнасці ў адным артыкуле распавесці немагчыма.

Зараз хацеў бы выказаць галоўную праблему ІТБК.

Нас амаль не падтрымлівае наша ўлада. Мы ўжо тры гады не атрымліваем грашовую дапамогу з боку абласной адміністрацыі. Зараз дык і зусім “добра” нам адмаўляць – крызіс! Мы не маем вызваленых ставак. Усё робіцца толькі за кошт самаахвярнасці нашых актывістаў і некаторых рэдкіх спонсараў. Але, як вядома, і спонсары і актывісты стамляюцца. Такая сітуацыя не дае магчымасці ўпэўнена развівацца нашай супольнасці.

Пошук грошай – гэта адвечны наш клопат.

А ў астатнім мы лічым сябе паспяховай грамадскай супольнасцю, якая ганарыцца сваім паходжаннем, сваёй гісторыяй, сваёй культурай, сваёй мовай.

Мы беларусы! Мы годна нясем свой Рэй!
Жыве заўжды Беларускі народ!
Жыве Беларусь!

 

 

Алег Рудакоў
Старшыня РГА “Іркуцкае Таварыства
Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага”

 

 
 
Падзяліцца: