Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Ніна Баршчэўская "Нацыянальная мова ў дасьледаваньнях беларускага асяродка ў Каўнасе - 4"

Аўтары “Крывіча” вельмі асьцярожна адносіліся да ўсялякага роду запазычаньняў у беларускай мове. На старонках гэтага часопіса паявілася вялікая колькасьць публікацыяў, прысьвечаных згаданай тэме.

Ю. Верашчака (псэўданім Вацлава Ластоўскага) задумаўся над тым, хто ў каго запазычвае? (Хто ў каго запазычвае?, “Крывіч”, № 6, Каўнас 1923, с. 24-31) Разглядаючы гістарычную мінуўшчыну й польска-беларускія ўзаемаўплывы, абапёрся на працы польскіх вучоных, м. ін. Б. Хлебоўскага. 

“Трэба нам прыпомніць, што ад абраньня Ягайлы на караля польскага, у Кракаве пачала функцыянаваць яго прыбочная, літоўская канцалярыя, якая пісала ўсе дакуманты па беларуску, і, што, пераходзячы ад лаціны і нямеччыны да пісаньня ў сваей мове, палякі бралі жыўцом формы дакумантаў, юрыдычныя тэрміны і сказы з беларускай мовы. Урэшце прыпомнім пераклад Статуту Вял. Кн. Літоўскага з беларускай мовы на польскую, і тое, што тэрміналёгія беларуская была ўзята да польскага перакладу жыўцом у мову польскую.

Узяўшы ўсё гэта пад увагу мы зразумеем, які аграмадны запас лексычнага беларускага і украінскага матэрьялу быў прысвомлены палякамі ў працягу, ад ХІV да ХVІІ ст. Але польскія запазычаньні на ХVІІ ст. не спыніліся. І ў ХVІІІ ст. найбольшы культурны уклад ў польскую літэратуру зрабілі людзі ўзгадаваныя ў нашым краю. 

Найбольшыя захваты беларускага лексычнага матэрьялу ў польскую мову прыпадаюць на ХІХ ст., калі палякі, утраціўшы палітычную незалежнасьць і будучы разьдзелены на тры часьці, паставілі сабе сьвядома заданьне, у мэтах збліжэньня ўсіх быўшых у межах Польшчы зямель, лучыць іх на грунце адзінай літэратуры. А дзеля гэтага пастаноўлена было дасканаліць польскую мову пры помачы ‘‘провінціяналізмаў’’. Як ведама найбольшы лік польскіх пісьменьнікаў ХІХ ст. былі родам з Беларусі... (...) Хоць за 500 летняе сужывецтва і ў нашу мову увашло шмат польскіх слоў.”( Тамсама, с. 30)

Немалая была колькасьць публікацыяў на старонках “Крывіча”, у якіх крытыкавалася празьмерная колькасьць русыцызмаў у беларускай мове (Ю.В. – крыптонім Вацлава Ластоўскага), Пляновая асыміляцыя, “Крывіч”, № 8, Каўнас 1924, с. 96-100; “Савецкая Беларусь” (1 лютага № 25 (1917) – 20 лютага № 42 (1934), “Крывіч”, № 12, Каўнас 1927, с. 118), такіх як: вопыт мінулага замест практыка мінуўшчыны, вучасткі зямлі замест дзялянкі зямлі, ці прыняты ўсе меры замест зроблены захады і г. д.

“З гістарычнай практыкі ведама нам, да чаго гэткая асыміляцыя давяла нашу мову ў ХVІ ст.: давяла яна да таго, што ужо ў XVІІ ст. крыўская кніжная мова сталася аднолькавай з польскай. У некаторых помніках рожніца між аднэй і другой была толькі ў літарах, дык урэшце-рэшт крыўская (беларуская) мова, як мова палітычна слабейшай націі, павінна была ўступіць мейсца польскай. Калі-ж у Радавай Беларусі (Крывіі) пойдзе далей такая асымілятарская работа, то ці ня станецца гэта самае і другі раз? Гісторыя, кажуць, паўтараецца...” (Ю. В., Пляновая асыміляцыя, “Крывіч”, № 8, Каўнас 1924, с. 99) Толькі на гэты раз пагрозу аказвае расійская мова.

У 11 нумары “Крывіча” В. Ластоўскі ў артыкуле пад загалоўкам Праграма зьбіраньня вуснае народнае творчасьці (“Крывіч”, № 11, Каўнас 1926, с. 113-115) праявіў задавальненьне з тае прычыны, што Інстытут беларускае культуры ў Менску перайшоў ад паверхнаснай трактоўкі крывічанскай мовы й культуры да больш грунтоўных досьледаў, а менавіта, зьвярнуўся да першакрыніцаў. Гэта важнае тым больш, – паводле аўтара – што Інстытут зрабіў вялікую шкоду беларускай мове выданьнем зборнікаў розных аўтараў пад загалоўкам Беларуская навуковая тэрміналёгія, у якой ёсьць шмат памылковых перакладаў з расійскай мовы.

На старонках “Крывіча” разглядаліся таксама пытаньні сынанімікі ў беларускай мове. У 5 і 6 нумарох часопіса В. Ластоўскі апублікаваў свае разважаньні пра беларускія аднасловы (Власт., Беларускія аднасловы, “Крывіч”, № 5, Каўнас 1923, с. 29-32; В-т, Аднасловы, “Крывіч”, № 6, Каўнас 1923, с. 43-46). Аднасловы прыносяць вялікую карысьць кожнай мове, таму што надаюць ёй гнуткасьць і вытанчанасьць. Але, з другога боку, патрабуюць вельмі ўважлівых адносінаў з увагі на розныя адценьні значэньняў, напр., дзеля адлюстраваньня працэсу маўленьня можна выкарыстоўваць словы: казаць ‘не ўзаемнае выказваньне, а ад першай, другой ці трэцяй асобы’, гаварыць ‘спакойна размаўляць’, гаманіць ‘гаварыць голасна, запальчыва, сварыцца’, галакаць ‘гаварыць крыкам, крычаць’, галёкаць ‘крычаць на ўвесь голас’, гутарыць ‘гаварыць спакойна, разважліва’, размаўляць ‘сярэдняе па значэньню – паміж гаварыць і гутарыць’, гукаць, дудукаць ‘весьці прыязную размову прыцішаным голасам, так аб усім’, зюкаць ‘гаварыць голасным сьвісьцячым шэптам’, зяпаць ‘бясьсільна крычаць, гаварыць крыкліва й бяз сэнсу’.

“Правільнае ўжываньне аднасловаў надае выразістасьці і хараства мове, але нажаль у нас гэта не заўсёды перасьцерагаецца. Стыльнасьць мовы залежыць асабліва ад лёгічнага ўжываньня тэхнічных слоў. Асабліва часта ў паточнай мове бывае зьмяшаньне слоў “рэзаць” і “кроіць”, калі гавораць аб кроеньні хлеба. “Рэзаць хлеб”, “нарэж хлеба” – брыдкі барбарызм, якога належыцца ўнікаць.” (І., Рэзаць, кроіць, стругаць, кружаць, “Крывіч”, № 10, Каўнас 1925, с. 110) 

У 7 нумары “Крывіча” В. Ластоўскі прывёў таўталягічныя беларускія звароты, выбраныя з Раманава, Шэйна, Бязсонава й Крачкоўскага, тыпу: бераг-беражысты, дамоўка-труніца, крыніца-вадзіца, нівы-загоны, стукун-грукун, траўка-мураўка. (В. Л., Таўтолёгія, “Крывіч”, № 7, Каўнас 1924, с. 90-91)

Ніна Баршчэўская

"Польскае радыё для замежжа"

Падзяліцца: