Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Ніна Баршчэўская "Нацыянальная мова ў дасьледаваньнях беларускага асяродка ў Каўнасе - 3"

На старонках “Крывіча” паяўлялася падрабязная інфармацыя пра лексыкаграфічную працу беларусаў. Апрача паведамленьняў пра выдадзеныя друкам слоўнікі (Матэматычны слоўнік К. Душэўскага й В. Ластоўскага (№ 2, 1923, с. 62), Расійска-беларускі і беларуска-расійскі слоўнік геомэтрычных і трыгономэтрычных тэрмінаў К. Дуж-Душэўскага й В. Ластоўскага (№ 4, 1923, с. 56), Беларуска-расійскі слоўнік М. Байкова й С. Некрашэвіча (№ 12, 1927, с. 116-117), Віцябскі краёвы слоўнік М. І. Касьпяровіча (№ 12, 1927, с. 117-118), зьмяшчаліся таксама матэрыялы да беларускага слоўніка. 

У 4 нумары “Крывіча” ў Матэрыялах да беларускага слоўніка (1923, с. 30-31) аўтарства Власта прыводзіцца этымалёгія некаторых слоў, напр. мара: “Галоўнай эмблемай нячыстай сілы ў славянаў была Марана, Морэна, Марва ад санскрыц. mri – ‘паміраю, сьмерць’, лац. mors ‘багіня сьмерці, зімы і ночы’, аднаго караня са славамі: мор, паморак ‘пошастная хвароба’, морак ‘цемень’, мары ‘насілкі для нябошчыкаў’, мара ‘нячыстая сіла, сонны кашмар, прывід’, марыць ‘мучыць’, мерат ‘чорт’, зьмерк, меркаць, зьмеркаць ‘цемень, цямнець’, мрэц, мярцьвец, мярляк ‘нябошчык’, мярэкаць ‘мала знаць, біцца ў цямнаце, з трудом распазнаваць, разумець’, марокаваць ‘хмарыцца, дуцца’, амарока ‘зацямненьне’, марочыць ‘дурыць’, мярцьвець ‘заміраць’, сморад, сьмярдзець ‘мець благі пах’, хмара ‘туча’, хомар, хомарна (на Палесьсі) ‘туман, імгла, мароз’." (тамсама, с. 30)

У гэтым жа 4 нумары “Крывіча” зьмешчаныя таксама Матэрыялы да беларускага зельніка аўтарства В. Ластоўскага (1923, с. 40-44). Гэты слоўнічак сабраны ў гадох 1911-1914, часткова на Лепельшчыне й Дзісеншчыне, а часткова ў Пружанскім павеце. Сьпіс назоваў расьлін павялічаны, дзякуючы выкарыстаньню прац М. Фэдэроўскага Lud Białoruski na Rusi Litewskiej ды І. Насовіча Словарь белорусского наречія. З працы М. Фэдэроўскага В. Ластоўскі прывёў некалькі дзясяткаў найменьняў расьлін, сабраных на Барысаўшчыне кала 1820 году, а з працы І. Насовіча – найменьні расьлін, запісаныя на Гарадзеншчыне у 1890-х гадох. Зельнік уложаны паводле лацінскай тэрміналёгіі й ахоплівае 276 назоваў расьлін. 

У 7 нумары “Крывіча” зьмешчаная праца пад загалоўкам Номэнклятура беларускіх птушак (1924, с. 48-59) Назовамі птушак займалася камісія, у склад якой увайшлі: праф. Т. Іваноўскі, В. Ластоўскі і К. Дуж-Душэўскі. У працы прыводзіцца каля 200 назоваў птушак, якія найчасьцей трапляюцца на Беларусі. Усе птушкі падзеленыя на 13 груп: хіжацкія птахі – Raptatores, вераб’іныя – Passeres, стрыжавыя – Macrochires (Cypselomorphae), зязюліныя – Coccygomorphae, дзятлавыя – Pici (Scansores), галубіныя – Columbinae, курыныя – Gallinacei s Rasores, доўганогія – Grallatores s Gralla, бацяновыя – Ciconiae (Herodiones), лапаногія – Lamellirostres, доўгакрылыя – Longipennes і нырчакі – Urinatores (Impennes). Кожную групу складае некалькі сем’яў. Найбольш шматлікая група вераб’іных птахаў. Да вераб’іных належаць сем’і: варонавых – Corvidae, шпакоў – Sturnidae, сініц – Paridae, каралькоў – Regulidae, перасьмешнікаў – Laniidae, вішневак – Oriolidae, мухаловак – Muscicapidae, амялушак – Ampelidae, плісак – Motacillidae, стрынатак – Sylvidae, шылахвосьцікаў – Accentoridae, крапіўнікаў – Troglodytidae, драздоў – Turdidae, падкамёнак – Saxicolinae, папаўзьнёў – Sittidae, лазункоў – Certhiidae, ластавак – Hirundinidae, жаўрукоў – Alaudidae, падарожнікаў – Emberizidae і юркоў – Fringillidae. 

У 8 нумары часопіса “Крывіч” зьмешчаныя назовы, зьвязаныя з хатай і гаспадарскім рыштункам зь Лідзкага й Горадзенскага паветаў (М. Чарнецкі, Хата, хатні і гаспадарскі рыштунак, 1924, с. 65-74). Дапаўненьні зь іншых частак Беларусі адмечаныя асобна. Лексыка вельмі багатая, напр. пры слове воз знаходзім наступныя назвы: (на Брацлаўшчыне) воз альбо калёсы; калёсы для сена – гэта драбы (на Горадзеншчыне), а так вазок, драбкі, драбчак; (на Дзісеншчыне) – для сена і наагул для возкі – панарад, калёсы. Калёсы складаюцца з чатырох колаў, дзьвюх аглабель (галабель), ад якіх да восяў ідуць атосы; атоса пятлёй, гапкай надзяецца на вось; на восі накладаюцца узлаўкі альбо падушкі (на Дзісеншчыне), у якія ўпушчаны ручкі, на якія закладаюцца драбіны; на узлаўках ляжаць дзьве жэрдкі – аберніцы; шворан зьвязвае перадок з задком; трайніла, траніла, трамка злучае задні узлавак зь пярэднім; да узлаўка прымацоўваецца развод – доўгае аглабельнае дрэўца; развод мае дзіркі, у дзірку па-за заднім узлаўкам укладаюць затычку на патрэбную даўжыню разводу (на Горадзеншчыне разворка); снасьць – воз, складзены толькі зь перадка й заду з узлаўкам і разводам (разворам); загваздка ўсаджваецца ў канцы восяў, каб не спадалі колы; люшні – адным канцом насаджваюцца на восі, а пасьля затыкаецца загваздка, другі (верхні) падтрымлівае драбіны; вітка – робіцца зь ядлоўца, лазы ці дроту, яна насаджваецца на люшню, абнімае верхнюю жэрдку драбіны й закладаецца на ручку; пярэдніца – вяроўка, зачэпленая абодвума канцамі за пярэднія канцы споду драбіны; ёю абкручваюць ‘жэрдзь’ пры ўцісканьні сена на возе – жэрдка, жэрдзь або парубень (Дзісеншчына), рубель (Дрысенскі павет). (Тамсама, с. 73)

У 11 нумары “Крывіча” прыводзіцца рачное імязоўніцтва, у асноўным зьвязанае з ракою Дзьвіной. Самае глыбокае цячэнне ракі – гэта ручво, шырокае й ціхае называецца плесам, а звужанае з хуткім цячэньнем вады акрэсьліваецца словам турэц (1926, с. 111).

У 12 нумары “Крывіча” Д. Чарняўскі прыводзіць вынікі савіх дасьледавньняў на тэму г. зв. “бабскай меры” (Д. Чарняўскі, Так званая “бабская мера”, 1927, с. 106). Мера палец раўняецца таўшчыні спаказчага пальца; корх – шырыня трох пальцаў распрастанай далоні; пяда – распрастаныя пальцы рукі – ад верху вялікага пальца пянтуха да канца сярэдняга пальца даўгача; локаць – рука ад локцявай косткі жбіцы да верху сьціснутай у кулак далоні = 36 см; наручка альбо стан – лічыцца ад канца вялікага пальца пянтуха да сярэдзіны грудзей = 108 см; сяжан заключае ў сабе шэсьць локцяў і выражае меру разьнятых раўналегла з плячамі рук = 216 см; сьцяна раўняецца тром сяжням, значыць = 648 см; пастаў раўняецца 54 локцям, значыць = 1744 см. 

У 7 нумары “Крывіча” зьмешчаная таксама публікацыя М. Нікіфароўскага Напоўпрыслаўкі, напоўпрыказкі (1924, с. 13-23), у якой аўтар прыводзіць шматлікую колькасьць арыгінальных беларускіх устойлівых словазлучэньняў, тыпу: грэць шылам ваду ‘да вялікай справы рабіць малы высілак’, у сабакі вочы пазычыць ‘не стыдацца, не чырванець пасьля благога паступку’ ці просім на голы банкет, просім у голыя госьцікі ‘запросіны ў лазьню’. 

Ніна Баршчэўская 

"Польскае радыё для замежжа"

Падзяліцца: