Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Ніна Баршчэўская "Нацыянальная мова ў дасьледаваньнях беларускага эміграцыйнага асяродка ў Каўнасе"

У перадачы з цыклю Мова й нацыянальная тоеснасьць сёньня гутарка пойдзе пра нацыянальную мову ў дасьледаваньнях беларускага эміграцыйнага асяродка ў Каўнасе, дзе ў гадох 1923-1927 выдаваўся часопіс “Крывіч”. Рэдактарамі часопіса былі Вацлаў Ластоўскі й Клаўдзій Дуж-Душэўскі.  

Сярод моўных і мовазнаўчых праблемаў, а таксама тых пытаньняў, якія шчыльна зьвязаныя зь гісторыяй народу і ягонай мовай, варта назваць такія тэмы, як: найменьні й гісторыя розных плямёнаў, уласныя асабовыя й геаграфічныя ці астранамічныя назовы, суадносіны паміж мовай і народам, прысутнасьць беларускае мовы ў розных установах Беларусі, прычыны заняпаду беларускае мовы. 

Разглядаліся розныя помнікі беларускага пісьменства, разьвіцьцё друкарскай справы на беларускіх землях, прычыны нішчэньня кніг. Аўтары “Крывіча” сачылі за выдавецкімі справамі. Зьмяшчалі ў “Крывічы” рэцэнзіі розных твораў, інфармацыю пра іх пераклады. У рубрыцы Кнігапіс і Крытыка паведамлялі сваіх чытачоў пра розныя кнігі й часопісы, якія выходзілі ня толькі ў Беларусі, але таксама і ў суседніх дзяржавах. Увагі заслугоўвае інфармацыя пра лексыкаграфічную працу. Дарэчы, у “Крывічы” апрача зьвестак пра розныя слоўнікі, якія паяўляліся ў той час, зьмяшчаліся й матэрыялы да слоўнікаў, сабраныя й апрацаваныя мовазнаўцамі, якія адначасова былі супрацоўнікамі гэтага часопіса. 

Аўтары “Крывіча” вялікае значэньне надавалі чысьціні беларускае мовы, і таму паяўлялася шмат артыкулаў пра запазычаньні з другіх моваў. Вялікае месца адводзілася лексычнай сынаніміцы ў беларускай мове, сэмантыцы канкрэтных словаў, часам вельмі блізкіх па гучаньні, словаўтварэньню й фанэтыцы беларускае мовы.

Сярод артыкулаў, зьвязаных зь гісторыяй народу і ягонай мовай, трэба назваць публікацыі Ю. Верашчакі (псэўданім Вацлава Ластоўскага): Аб найменьнях “Гуды” – “Крывічы” – “Русь” ( “Крывіч”, № 1, Каўнас 1923, с. 17-25), А. Матача: Абшар займаны Крывічамі і крыўская колёнізація (“Крывіч”, № 10, Каўнас 1925, с. 27-36), Ю. Сулімірскага: Аб назовах “Крывія” і “Беларусь” (“Крывіч”, № 10, Каўнас 1925, с. 36-46). Разглядаюцца таксама назовы іншых плямёнаў. 

Няма ніводнага народу, які б засяляў свой край сьпершапачатку, як і няма ніводнага народу, які б на працягу ўсяе свае гісторыі заўсёды насіў адно й тое самае імя. Найменьні народаў і дзяржаваў мяняліся пад уплывам перасяленьняў, унутраных асацыяцыяў, чужаземных заваёваў, зьмены пануючай дынастыі альбо веры, заснаваньня новага нацыянальнага цэнтра і г.п.  

Усе гэтыя перамены перажывала й Беларусь, і гэтакім працэсам вытвараўся беларускі народ. Сьляды гэтага захаваліся ў назовах, якія ў дачыненьні да беларусаў выкарыстоўваюць суседзі: ліцьвіны называюць беларусаў Gudai, а латышы – Kreevu. Найменьне гуды не распрацаванае па той прычыне, што яно не захавалася ў пісаных гістарычных помніках, тым часам назову крывічы ня трэба шукаць у далёкіх крыніцах. На тэрыторыі, займанай калісь крывічамі, а цяпер іхнымі нашчадкамі беларусамі, слова крывіч ужываецца ў штодзённым жыцьці й азначае блізкіх па крыві, родных. Цікава заўважыць, што гэтунамі, гегунамі, гецікамі беларусаў называюць вялікарусы, адзначаючы такім чынам адменную вымову беларусамі слова гэты – адзначае Ю. Верашчака. Найменьне Русь – не славянскага паходжаньня. Прынесена яно норманамі ў ІХ ст. Ягонае пашырэньне між славянскіх плямёнаў адбывалася шляхам пашырэньня хрысьціянства. 

А. Матач на падставе назоваў мясцовасьцяў з коранем крыў вызначыў тэрыторыю крывічоў паміж вытокамі рэк Дзьвіны, Дняпра, Волгі ды паўднёвай часткай Азёрнага Краю.

На старонках “Крывіча” вызначаліся назовы іншых плямёнаў. У артыкуле Што трэба разумець пад найменьнямі – “Паляне”, “Дрыгвічы”, “Дрэўляне” чытаем: 

“З паміж плямён вылічаных ў Повесьці Временных лет, Лаўрэнціеўскага сьпіску (Паляне, Дрэўляне, Ноўгородцы, Палачане, Дрэговічы, Север, Бужане, Велыняне, Крывічы, Вяцічы, Радзімічы, Хорваты, Дулебы, Улічы і Тіверцы), толькі назовы – Крывічы, Вяцічы, Радзімічы, Хорваты, Дулебы можна назваць племяннымі, рэшта: Паляне, Дрэўляне, Палачане, Бужане – назовы топографічныя; Ноўгородцы, Велыняне, Улічы, Тіверцы – назовы ад галоўнага гораду; Север – назова азначаючая геаграфічнае палажэньня краю, ці групы насяленьня ў стасунку да другой, палуднёвай групы.” (Што трэба разумець пад найменьнямі - Паляне, Дрыгвічы, Дрэўляне, “Крывіч”, № 3, Каўнас 1923, с. 53)

Апрача назоваў плямёнаў і народаў, на старонках “Крывіча” разглядаліся найменьні рэк – Нёмана, Нямігі, Дняпра (Нёман і Няміга, “Крывіч”, № 9, Каўнас 1925, с. 99) і назовы найважнейшых сьвятаў крывічоў – красьнік, Вялікдзень, Купальле, Каляды й Дзяды (Пагашчанін - псэўданім Вацлава Ластоўскага, Крывічанскія Дзяды, “Крывіч”, № 12, Каўнас 1927, с. 66-69). 

Ніна Баршчэўская

"Польскае радыё для замежжа"

Падзяліцца: