Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Янка Запруднік "Беларуская прысутнасьць у Амэрыцы"

ПРЫСУТНАСЬЦЬ ЗКЗЫСТЭНЦЫЯЛЬНАЯ

Панятак прысутнасьці даволі складаны. Можна гаварыць пра індывідуальную прысутнасьць і пра калектыўную, а таксама пра экзыстэнцыйную (пасіўную) і пра арганізацыйную (актыўную). Экзыстэнцыйна ў Амэрыцы прысутнічаюць сотні тысячаў беларусаў. Але нас больш цікавіць прысутнасьць арганізацыйная, актыўная, прысутнасьць структураў, арыентаваных у той ці іншай меры на Беларусь. Трэба адзначыць, што ў Амэрыцы прапарцыянальна да агульнага ліку беларусаў колькасьць суродзічаў структурызаваных даволі сьціплая. Вызначыць прапорцыю арганізаваных беларусаў немагчыма. А гэта таму, што панятак “беларус” у Амэрыцы вельмі расплывісты. Няма таксама патрэбнай статыстыкі. Калі б хто хацеў даведацца пра складанасьць вызначэньня колькасьці беларусаў у Амэрыцы, таго адсылаю да кніжак майго сябры Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША”. Кніжкі выдадзеныя па-беларуску й па-ангельску.

Абедзьве формы прысутнасьці, арганізацыйная (актыўная) і экзыстэнцыяльная (пасыўная) заслугоўваюць разгляду з гледзішча на інтарэсы Беларусі. Амэрыканскія беларусы – легалы й нелегалы, арганізаваныя й неарганізаваныя – так ці йнакш зьвязаныя з Бацькаўшчынай. З Амэрыкі пасылаюцца пасылкі, перадаюцца грошы. Зь Беларусі выпісваюцца дзяды й бабулі на догляд унукаў. З Амэрыкі ў Беларусь завозяцца ўнукі на час летніх канікулаў. З абодвух бакоў наладжваюцца сякія-такія бізнэсы. Усе гэтыя амэрыканска-беларускія бытавыя кантакты ўзьнікаюць па прыватнай ініцыятыве, ініцыятыва гэтая вынікае з самога факту існаваньня, яна экзыстэнцыяльная, за ёю няма стымулу грамадзка-арганізацыйнага.

Экзыстэнцыяльную беларускую прысутнасьць у Амэрыцы можна пабачыць таксама ў так званых “рускіх” крамах, дзе прадаюцца шакаладныя вырабы менскае “Камунаркі” й гомельскага “Спартака” або “Нарачанскі хлеб” (выпечаны ў Брукліне). А ў некаторых вінна-гарэлачных магазынах – “Советское шампанское” вырабленае ў Менску. У інтэрнэце прыватная фірма “Дызайн па-беларуску” прапануе розныя беларускія эмблемы й сувэніры. Амэрыканскі фэрмэр можа набыць сабе трактар “Беларус”.

ПРЫСУТНАСЬЦЬ АРГАНІЗАЦЫЙНАЯ

Беларуская арганізацыйная дзейнасьць у Злучаных Штатах адбываецца пад эгідай розных структураў: Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня, Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі, Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага, Згуртаваньня беларускай моладзі Амэрыкі. На сьпіску акцыяў гэтых арганізацыяў трэба назваць:

  • наведваньне дэлегацыямі ўрадавых установаў, удзел у пабудове ў Вашынгтоне Музэю Амэрыканскага Народу, а таксама помніка ахвярам камунізму, пікеты ў абарону палітычных вязьняў у Беларусі;
  • пісаньне лістоў да палітыкаў і ўрадавых установаў;
  • даклады пра Беларусь на міжнародных канфэрэнцыях;
  • выдаваньне газэты “Беларус”, квартальніка Belarusian Review, паўгадавіка “Беларуская Думка”, гадавіка-альманаха “Беларус”, культурна-асьветныя мерапрыемствы (выставы, фэстывалі й падобнае);
  • адзначаньне гістарычных угодкаў (такіх, як 25 Сакавіка, Слуцкае паўстаньне ды іншыя);
  • праводжаньне што другі год Сустрэчаў Беларусаў Паўночнай Амэрыкі;
  • ладжаньне фэстываляў, гуканьня вясны, Купальля;
  • збор фондаў на выдавецкія праекты ў Амэрыцы і ў Беларусі.

Асобную катэгорыю структураў складаюць беларускія праваслаўныя цэрквы, якія выявіліся найбольш устойлівай асновай арганізацыйнага існаваньня. Сёлета зьявілася прыгожа аформленая паштоўка, загалоўленая “Беларускія цэрквы”. На паштоўцы названа сем цэркваў, шэсьць зь іх – у Злучаных Штатах. Прыхаджане гэтых цэркваў у бальшыні паходзяць зь Беларусі. Малодшыя зь іх народжаныя ўжо ў Амэрыцы. Пры цэрквах адбываюцца розныя падзеі, рэлігійныя й сьвецкія, культурныя й дабрачынныя, якія маюць большае або меншае дачыненьне да Беларусі.

Агульны лік прыхаджанаў у гэтых цэрквах, аднак, прапарцыянальна невялікі. А імігрантаў жа зь Беларусі налічваецца дзясяткі тысячаў, калі ня сотні тысячаў. Колькі зь іх праваслаўных, не ўстаноўлена, але сьмела можна сказаць, што дзясяткі тысячаў. Дзе ж іх шукаць? Шмат дзе. Рэч у тым, што некаторыя зь вернікаў належаць да іншых праваслаўных цэркваў (амэрыканскіх, расейскіх, украінскіх, грэцкіх) ці то зь перакананьня, ці таму, што беларускае царквы паблізу няма. Многія, аднак, сьведама выбралі расейскую царкву, бо яна ім бліжэйшая духам. Русыфікаваныя беларусы, прыбыўшы ў Амэрыку, у бальшыні такімі ж і застаюцца. Тым ня менш, ёсьць выпадкі дэрусыфікацыі, ці мо лепш сказаць беларусізацыі. Гэта мы бачым у сябе ў штатах Нью-Джэрзі й Нью-Ёрк.

У Каліфорніі, кажуць, жыве маса баптыстаў зь Беларусі. Яны, трэба думаць, маюць свае структуры, трымаюць, напэўна, сувязь з аднаверцамі ў Беларусі, але інфармацыі пра іхняе жыцьцё й дзейнасьць у нас няма. Ня было відаць, прыкладам, каб выдаваная ў Нью-Ёрку газэта “Беларус” зьмяшчала калі-небудзь весткі пра іхнюю актыўнасьць. Ёсьць таксама вернікі іншых пратэстанцкіх канфэсіяў. Некаторыя зь іх далучаюцца да дзейнасьці беларуска-амэрыканскіх арганізацыяў.

Агулам беручы, аднак, у вялікай бальшыні новапрыбылых, нацыянальная сьведамасьць мінімальная. Вось адзін з прыкладаў. Мы ў штаце Нью-Джэрзі, дзе жывем у ваколіцах двух беларускіх цэнтраў (адзін у горадзе Саўт-Рывэр, другі ў Гайлэнд-Парку), даўно чуем, што ў раёне сталіцы штату, гораду Трэнтан, які знаходзіцца на адлегласьці якіх-небудзь пяцідзесяці кілямэтраў, жыве, кажуць, некалькі сотняў гарадзенцаў (легалаў і нелегалаў). Але на беларускіх імпрэзах, якія адбываюцца пэрыядычна ў Саўт-Рывэры або Гайлэнд-Парку, з трэнтанскіх беларусаў мы бачылі ня больш як некалькі асобаў. Разам з тым, нічога не было чуваць, каб тыя тры-чатыры сотні гарадзенцаў самі выявілі якую-небудзь грамадзка-арганізацыйную ініцыятыву (за выняткам валейбольнай каманды летнім часам). Што гэта за зьява? Ці гэта – беларускі індывідуалізм як рэакцыя на савецкі калектывізм ці сацыяльная атамізацыя й паражанасьць адсутнасьцю арганізацыйнага інстынкту ў выніку савецкага ўзгадаваньня?

 

У катэгорыі беларускай арганізацыйнай прысутнасьці назавем таксама дабрадзейныя сямейныя фонды. Гэта стыпэндыяльныя, выдавецкія й дабрачынныя праграмы, фінансаваныя сем’ямі Вітаўта Кіпеля, Алы Орсы-Рамана, Ірэны Каляды-Сьмірновай, Анатоля й Натальлі Лук’янчыкаў ды, напэўна, некаторых іншых асобаў.

Што да народжаных у Амэрыцы дзяцей беларускіх эмігрантаў, дык сувязь з так званым “старым краем” (Old Country) яны маюць у залежнасьці ад культурнага ўзроўню й патрыятычнага настрою дзядоў-бацькоў. Ёсьць выдатныя прыклады ня толькі эмацыянальнай прывязанасьці да краю паходжаньня продкаў, але й перайманьня, нават у трэцім пакаленьні, і беларускае мовы, і культурных традыцыяў, і заангажаванасьці ў палітычнай дзейнасьці. Шмат хто з вас памятае гастролі танцавальнага гуртка беларуска-амэрыканскай моладзі “Васілёк” ў 90-х гадох. Сёньня Згуртаваньне Беларускай Моладзі Амэрыкі, абноўленае новапрыбылымі юнакамі й юначкамі, працягвае на свой лад дзейнасьць папярэднікаў.

Варта зазначыць, што ў амэрыканскім грамадзтве, якое склалася й далей складаецца з дыяспараў усіх краінаў сьвету, вельмі прынята трымаць сувязь з краем паходжаньня, цікавіцца сваёй генэалёгіяй. Шмат якія дзяржавы актыўна падтрымваюць гэтую зацікаўленасьць сярод сваіх пасяленцаў у Амэрыцы, бо бачаць у гэтым розныя выгады. Тое якраз, чаго дасюль ня хоча бачыць урад Беларусі.

ПРЫСУТНАСЬЦЬ ВІРТУАЛЬНАЯ

Беларуская прысутнасьць у Амэрыцы мае таксама віртуальнае вымярэньне. Каб спасьцігнуць рэвалюцыйнае значэньне кібэрнэтычных рэсурсаў у папулярызацыі імя Беларусі, хопіць вярнуцца ў мінулае трыццаці-саракагадовай даўнасьці. Памятаю, як у 60-х гадох мы ў Беларускай рэдакцыі радыё “Свабода” ў Нью-Ёрку выпісвалі з адмысловага агенцтва газэтныя выразкі, у якіх згадвалася Беларусь. Атрымлівалі мы найчасьцей дробныя паперкі зь пералікам савецкіх рэспублік у кантэксьце халоднай вайны. Рэдчас адно можна было пабачыць у амэрыканскім друку артыкул пра Беларусь, ня кажучы ўжо нічога пра ягоны зьмест. Цяпер – адваротнае: напішы на кампутары толькі адно слова “Belarus” – і атрымаеш дзесяткі сайтаў з самай рознай інфармацыяй. Інтэрнэтаўская віртуальная бібліятэка падае 500 назваў інфармацыйных крыніц аб Беларусі. Сайт Дасьледніцкага цэнтру славянскіх і ўсходнеэўрапейскіх моваў мае так званую ўэбліяграфію, або сеціваграфію (пералік кампутарных сайтаў). Сайт беларускай ўэбліяграфіі налічвае больш за сотню англамоўных лінкаў, г. зн. падтэмаў беларусаведы.

Зацікаўлены чытач можа даведацца зь іх масу рэчаў пра Беларусь, пачынаючы ад ейнага сьцягу, гімну й аж да турыстычных гідаў ды цэнтраў вывучэньня Беларусі. І ўсё гэта на ангельскай мове. Пад пальцамі цэлая віртуальная бібліятэка! Гэта – таксама беларуская прысутнасьць у Амэрыцы, а калі хочаце, дык прысутнасьць у цэлым сьвеце. Жывём у глябальнай вёсцы!

Цікава адзначыць, як у гэтым сусьветным кантэксьце праяўляе сябе дзяржаўнасьць Беларусі. Калі знаёмішся, прыкладам, зь біяграфіямі такіх спартовых славутасьцяў як Вольга Корбут, Віталь Шчэрба, Максім Мірны ды іншыя, дык даведваешся, што нацыянальнасьць і край паходжаньня іх – ужо не Савецкая Расея ці СССР, як гэта часта было раней, а Беларусь. Факт дзяржаўнасьці працуе на карысьць нацыянальнай тоеснасьці. Дзяржаўнасьць Беларусі спрыяе таксама фармаваньню этнічнай сьведамасьці маладых амэрыканцаў беларускага паходжаньня. Наяўнасьць у кампутары інфармацыі пра Беларусь аблягчае ім пошукі веды пра край продкаў для школьных заданьняў або акадэмічных росшукаў. Гэта ў сваю чаргу ўплывае на самаідэнтыфікацыю пры розных дэмаграфічных падліках, у тым ліку перапісах жыхарства.

ДАКУМЭНТАЦЫЯ Й ВЫВУЧЭНЬНЕ

Беларуская прысутнасьць у Амэрыцы дакумэнтуецца й вывучаецца такімі ўстановамі як Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, Паўночна-Амэрыканскае Таварыства Вывучэньня Беларусі, Цэнтар Беларускіх Дасьледаваньняў пры Саўтўэстэрнскім Каледжы ў горадзе Ўінфільд у штаце Канзас. Пэрыядычна выдаюцца: гадавік “Запісы” Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва, англамоўны

квартальны бюлетэнь “Навіны Паўночна-Амэрыканскага Таварыства Вывучэньня Беларусі”, манаграфіі. Пры сучаснай глябалізацыі друкуюцца яны ў розных краінах. Гэтак, выйшла толькі што з друку ў Менску манаграфія айчыннага гісторыка Алега Гардзіенкі “Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі”; у Варшаве пабачыла сьвет сёлета ёмістая кніга Юрася Гарбінскага “Беларускі рэлігійны друк на Захадзе”; чакае на выдаўца манаграфія айчыннага аўтара Зьмітра Саўкі пра Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне; рэдактар Лявон Юрэвіч у Нью-Ёрку рыхтуе да друку чарговую кнігу “Запісаў” БІНіМ; дырэктар БІНіМ Вітаўт Кіпель канчае апрацоўваць гісторыю Інстытуту. І гэта толькі некаторыя з выдавецкіх праектаў.

ДЫЯСПАРА Й БАЦЬКАЎШЧЫНА

Як бачым, прысутнасьць беларусаў у Амэрыцы пазначана шматлікімі пазытыўнымі фактамі й фактарамі. Што да беларускай афіцыйнай прысутнасьці, г. зн. прысутнасьці беларускай улады ў Злучаных Штатах, дык яна далёкая ад аптымальнай. І ня толькі дзеля бягучага дыпляматычнага канфлікту паміж Менскам і Вашынгтонам. Галоўная праблема ў тым, што беларускі ўрад дасюль не здабыўся нават на прыняцьце закону аб суайчыньніках за мяжой, ня кажучы ўжо пра актыўныя ўзаемасувязі з дыяспарай – тое, чым адзначаюцца пасяленцы ў Амэрыцы зь іншых усходнеэўрапейскіх краінаў. Вось чаму адным з прыярытэтаў нашага Згуртаваньня застаецца далейшае спрыяньне й дамаганьне, каб такі закон быў прыняты, каб такі закон памагаў дзейнасьці замежных беларусаў на карысьць беларускай дэмакратычнай дзяржаўнасьці, на карысьць народнага дабрабыту, каб урэшце ўсе мы, дзякуючы такому закону, маглі сказаць з большай сілай, што

ЖЫВЕ ЗАМЕЖНАЯ БЕЛАРУСЬ!

 

Янка Запруднік

Падзяліцца: