Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Алег Гардзіенка "Беларусы Саўт-Рывера"

Саўт-Рывер увесь час быў горадам эмігрантаў. Цяпер там многа партугальцаў, мексіканцаў, усюдыісных палякаў.У маленькай крамцы побач з маім месцам пражывання я з гаспадаромпакістанцам размаўляў… па-польску. А стагоддзе таму трэць насельніцтва Саўт-Рывера складалі беларусы. Што казаць, калі з паўтара дзесятка цэркваў у горадзе – тры пабудавалі беларусы. Ёсць таксама беларускія могілкі і нават курган-помнік беларусам, палеглым за незалежнасць сваёй айчыны.

Усходнееўрапейская Ірландыя

Некалькі соцень нашых суайчыннікаў перабраліся сюды, у Саўт-Рывер, у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст., падчас першай хвалі беларускай эміграцыі.

Тады, ратуючыся ад сацыяльнай неўладкаванасці, беларускія землі пакінулі 1,5 млн чалавек. Кожны сёмывосьмы. Не Ірландыя сярэдзіны ХІХ ст., адкуль з’ехала траціна, але ж… Нашы суайчыннікі з’язджалі як ва ўсходнім кірунку (Сібір, знакамітыя перасяленні Сталыпіна на хутары), так і на Захад. На кароткачасовыя заробкі – у Францыю, Германію, Данію. Назаўсёды – у Аргенціну, Канаду. Але найбольш – у ЗША. З 1890 г. да 1914 г. у ЗША прыехалі больш за мільён выхадцаў з Беларусі. Палова – яўрэі, другая палова – этнічныя беларусы. Беларусы рассяліліся па ўсіх амерыканскіх штатах, жывуць нават на Гаваях і Алясцы, у Мантане ды Тэхасе. Але абсалютная большасць нашых землякоў асела ў штатах Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Агаё, Ілінойс, Пенсільванія. Амаль паўмільёна.

На берагах той паўднёвай ракі

Тыповы прыклад – гарадок Саўт-Рывер (South River – Паўднёвая рака), размешчаны за 60 км ад Нью-Йорка. Ад канца ХІХ ст. горад сталі масава засяляць эмігранты з Усходняй Еўропы: яўрэі, венгры, палякі і «рускія». Палякі былі пераважна з этнічных польскіх земляў, хоць сярод іх быў і пэўны працэнт беларусаў-каталікоў. А вось большасць праваслаўных у СаўтРыверы былі нават не проста выхадцамі з беларускіх земляў, а выключна сялянамі з ваколіцаў Маладзечна, Вілейкі, Валожына. 95% прозвішчаў на праваслаўных могілках святых Пятра і Паўла – прозвішчы, характэрныя для маладзечанска-вілейскага рэгіёна.

Мае бацькі жывуць на «памежжы» Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў. І прозвішчы на могілках у маёй вёсцы мала чым розняцца ад прозвішчаў на гэтых могілках у Саўт-Рыверы: Бялькевічы, Уладыкі, Курцы, Дуровічы…

Пакінулі жыхары Саўт-Рывера і след у амерыканскай гісторыі. Сын эмігранта пачатку ХХ ст. Андрэя Вайцяховіча – Алекс Вайцяховіч (1915-1994) – адзін з найлепшых гульцоў у амерыканскі футбол.

А мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што Марыя Казак, што эмігравала з-пад Маладзечна ў пачатку ХХ ст., – маці пасла ЗША ў Мінску ў канцы 1990-х Майкла Козака.

«Истинно русские»

І вось гэтыя самыя праваслаўныя – у тым ліку і Андрэй Вайцяховіч пабудавалі ў Саўт-Рыверы ў 1905 г. царкву святых Пятра і Паўла, прыхаджанамі якой у пачатку ХХ ст. былі 250 чалавек. А каталікі ўзвялі ў Саўт-Рыверы прыгожы касцёл у гонар віленскай Маці Божай Вастрабрамскай.

Але і першыя, і другія – як практычна ўсе прадстаўнікі першай хвалі – не падазравалі, што яны – беларусы.

Яны з’язджалі ад нас малапісьменнымі, ды і школ беларускіх у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. не было. Скуль брацца нацыянальнай свядомасці? Таму праваслаўныя лічылі сябе рускімі, каталікі – палякамі. Хоць часта гэтыя «рускія» і сказу не маглі вымавіць паруску, а «палякі» – па-польску.

Паколькі беларусы-саўтрыверцы збольшага былі праваслаўныя, то яны пакінулі на карце гарадка «истинно белорусские» тапонімы: вуліцы Талстога, Пушкіна, Горкага, вуліцу Маскоўскую. Праўда, цяпер гэтыя назвы не захаваліся, падчас «халоднай вайны» яны былі замененыя амерыканскімі тапонімамі.

З «рускімі» даходзіла да канфузу. У 1950-х у Саўт-Рывер пераехала з Бразіліі сапраўдная руская. Дачуўшыся, што ў гарадку жывуць нібы яе землякі, яна вырашыла сустрэцца з імі. Сустрэліся, але паразумецца не здолелі. Нашыя землякі, якія лічылі, што гавораць «паруску», не разумелі сапраўднай мовы Пушкіна. Тады яны прыйшлі да беларусаў – прадстаўнікоў паваеннай хвалі. «Мы не разумеем яе мовы». – «Яна гаворыць па-руску». – «Гэта мы гаворым па-руску». Урэшце ўдалося пераканаць, што яны гавораць па-беларуску.

Беларусізацыя Саўт Рывера

Новая хваля эміграцыі прыехала ў Амерыку ў канцы 1940-х, калі з лагераў для перамешчаных асобаў у Германіі ў ЗША перасяліліся больш за 20 тыс. чалавек. У Саўт-Рывер прыехалі некалькі дзесяткаў беларускіх сем’яў і адзіночных эмігрантаў.

Гэтыя эмігранты былі нацыянальна свядомымі. Моладзь атрымала загартоўку беларускіх школ і скаўтынгу ў паваеннай Германіі. Пасля пераезду за акіян і старэйшыя, і маладыя адразу пачалі будаваць Беларусь: ствараць арганізацыі, засноўваць школы, царкоўныя прыходы.

У 1949 г. у Саўт-Рыверы быў створаны аддзел Беларуска-амерыканскага дапамаговага камітэту, а ў 1950 г. – ужо сапраўдны беларускі праваслаўны прыход святой Еўфрасінні Полацкай, які ўзначаліў святар Мікалай Лапіцкі.

Пагалоска пра беларускі Саўт-Рывер разышлася па ўсёй краіне. Скончыліся кантракты – беларусы збіралі бавоўну ў Арканзасе, працавалі ў фермераў у Аклахоме – і яны пацягнуліся да сваіх.

У Саўт-Рыверы ці яго ваколіцах новыя эмігранты-мужчыны працавалі на заводзе «Форд» або ў прыватных гаспадароў. Жанчыны – на фабрыках вопраткі.

Заробак мужчынаў у канцы 1940-х – пачатку 1950-х гадоў быў вышэйшы за жаночы: ад 80 цэнтаў да $1 за гадзіну ($6,4–8,0 за дзень, да $200 за месяц). Жанчыны атрымлівалі $0,60 за гадзіну ($4,8 за дзень). На ежу выдаткоўвалі 1 даляр на дзень, арандаваць кватэру каштавала $20–30 у месяц, патрыманы аўтамабіль – ад $500, дом, у залежнасці ад раёну і выгляду, – ад 3 тыс. да $12 тыс. За лічаныя гады беларусы набылі сабе дамкі.

Падзеленасць

Свае жылі не толькі ў Саўт-Рыверы, але і ў іншых гарадах Нью-Джэрсі (Пасэйк, Гарфілд, Ірвінгтан), а таксама Нью-Йорку. У Саўт-Рыверы было самае магутнае паселішча. Прычым тут жылі прадстаўнікі аднаго крыла эміграцыі. Палітычныя апаненты сяліліся побач, у гарадку Нью-Брансвік.

У кожнага з гэтых крылаў былі свае маладзёжныя, грамадскія, спартыўныя, жаночыя арганізацыі. Нават могілкі былі розныя. Беларусы Саўт-Рывера заснавалі свае ў 1956 г. Беларускія дзялянкі ёсць на могілках у аўстралійскім Мельбурне, у брытанскіх Лондане і Манчэстары; Таронта і Атаве (Канада), у Чыкага, Кліўлендзе, Нью-Йорку. Але выключна беларускія могілкі ёсць толькі ў Саўт-Рыверы і Іст-Брансвіку.

Царкву будавалі талакой

З часам беларуская грамада ў Саўт-Рыверы пашырылася. У сярэдзіне 1960-х наспела пеабходнасць пабудаваць уласную царкву: да гэтага беларусы праводзілі службы ў будынку, выкупленым у яўрэйскага камітэта.

Быў створаны царкоўна-будаўнічы камітэт, і за тры гады (1969–1972) на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада беларусы пабудавалі прыгажунюцаркву. Самі капалі катлаван, залівалі падмурак, клалі цагліны. Дыякан Алег Махнюк на прысядзібным участку зрабіў купал для царквы, а потым і аздобіў яго.

Праз два гады, у 1974 г., на пляцоўцы побач з царквой быў пабудаваны Беларуска-амерыканскі цэнтр, каб менавіта ў ім праводзіць розныя мерапрыемствы. У тым жа годзе між царквой і цэнтрам быў насыпаны Курган-помнік у гонар змагароў, палеглых за незалежнасць Беларусі. Так і паўстаў цэлы беларускі комплекс у горадзе. З сярэдзіны 1970-х у Саўт-Рыверы праводіліся беларускія фестывалі, якія збіралі па некалькі тысяч чалавек. Фестывалямі цікавіліся не толькі беларусы, але і іншыя этнічныя групы (украінцы, палякі, чэхі), англамоўныя амерыканцы.

Сёння і заўтра

Царква і Беларуска-амерыканскі цэнтр дзейнічаюць і сёння. На змену старэйшаму пакаленню прыйшлі іх дзеці і ўнукі. Некаторыя з цяжкасцю гавораць па-беларуску, а выключна па-англійску, але пачуваюцца беларусамі.

Натуральна, што ў параўнанні з залатымі 1970-мі колькасць прыхаджанаў у той жа царкве зменшылася. Калі ў 1973 г. прыхаджанамі лічыліся 350 чалавек, цяпер – крыху болей за 120, а на службу штонядзелю ходзіць каля 40–50 чалавек. За той жа час імкліва расце колькасць пахаванняў на беларускіх могілках. Цяпер там больш за 260 магілаў.

Прысутнічае беларускасць і на карце горада. Беларускія прозвішчы можна адшукаць на цэнтральных гарадскіх могілках, у назвах вуліц. Адна з вуліц названа ў гонар братоў Шакаў (Шакоўскіх) з Вілейкі, якія шмат спрычыніліся да разбудовы горада ў пачатку ХХ ст.

Беларускія прозвішчы ёсць нават на мемарыяльнай дошцы каля мэрыі. У 1970-я гады начальнікам паліцыі быў беларус Джордж Сыраквас, а мэрам – Уладзімір Кулік. Гэта наш горад.

Алег Гардзіенка

Інфармацыя беларускага турыстычнага партала "Турызм і адпачынак" (www.tio.by)

Падзяліцца: