Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Ніна Баршчэўская "Погляд беларускай эміграцыі на этнаграфічныя межы Беларусі"


Вынікі працы Маскоўскай дыялекталягічнай камісіі былі асабліва важнымі таму, што камісія ўводзіла суладнасьць этнаграфічных межаў Беларусі зь вядомымі фактамі архэалёгіі, гісторыі, пляменнай геаграфіі, этнаграфіі й мовы. „Гісторыя нам кажа, што Пскоўшчына была зямлёю тых-жа Крывічоў, што й Полаччына ці Смаленшчына, і таму зразумела, што ў сваёй мове яна павінна мець тую-ж беларускую крывіцкую аснову. Расейскія-ж элемэнты гэтае мовы, гэта ўжо пазьнейшыя наносы ў выніку доўгай (ад 1510 году) залежнасьці Пскова й Пскоўшчыны ад Масквы” – адзначае М. Агнявіда. (Тамсама, с. 3)

Беларускі эміграцыйны дасьледнік заўважае, што пытаньне значнага пашырэньня этнаграфічных межаў Беларусі на ўсходзе й на поўначы ў сувязі з выкрытымі вялікімі абшарамі пераходных гаворак было пастаўленае на пачатку XX стагодзьдзя ў працах расейскіх вучоных. Пазьней, далейшымі досьледамі розных аўтараў, гэтыя першыя цікавыя вынікі былі пацьверджаныя, папоўненыя й глыбей абгрунтаваныя.

М. Агнявіда прыводзіць цэлы шэраг аўтараў, якія не адважыліся пераходныя беларуска-расейскія гаворкі Пскоўшчыны залічыць да расейскага моўнага арэалу. Гэта, між іншым, Р.І.Аванесаў (Очерки русской диалектологии, ч. І, Москва 1949), П.С.Кузнецоў (Русская диалектолоґия, Москва 1954), П.Я.Чарных (Историческая ґрамматика русскоґо языка, Москва 1954). В. Курашкевіч (Zarys dialektologii wschodnio-slowianskiej, Warszawa 1954), Т.Лер-Сплавіньскі, В.Курашкевіч, Ф.Слаўскі (Przeglad i charakterystyka jezykow slowianskich, Warszawa 1954).

Беручы пад увагу ўсе лінгвагеаграфічныя апрацоўкі, Андрэй Багровіч адзначае ў публікацыі Жыхарства Беларускае ССР у сьвятле перапісу 1959 году, зьмешчанай на старонках часопіса „Запісы” , што: „На этнаграфічных і моўных картах расейскіх навукоўцаў, пачынаючы ад „Этнаграфічнае карты эўрапэйскае Расеі” Рыттыха 1875 году, Смаленск і Смаленшчына, заходняя Браншчына, Невельшчына й паўдзённыя часткі Пскоўшчыны адзначаюцца як тэрыторыі бясспрэчна беларускія. Гэтак ёсьць на картах Карскага з 1903, 1917 ды іншых гадоў, на карце Маскоўскае Дыялекталягічнае Камісіі 1915 году, на паваенных цяперашніх картах расейскіх моваведаў: Аванесава з 1949, Черных і Кузняцова з 1954 і пазьнейшых гадоў. Тэрыторыі гэтыя былі таксама адзначаныя як беларускія пастановаю І-га зьезду Камуністычнае Партыі (бальшавікоў) Беларусі з 30 сьнежня 1918 году аб межах Беларускае савецкае рэспублікі. У параграфе 4-м гэтае пастановы гаворыцца, што ў склад Беларускае рэспублікі мае ўходзіць Смаленскі «раён» разам з падраёнамі Смаленскім, Бельскім, Духаўшчынскім, Парэцкім, (Дзямідаўскім), Дарагабускім, Ельнінскім, Красінскім і Рослаўскім; «раён» Гомельскі з падраёнамі Сураскім, Мглінскім, Старадубскім; «раён» Віцебскі з падраёнамі Вяліскім, Невельскім і Себежскім. Вось усе гэтыя «падраёны» свае-ж «саюзнае» Беларускае рэспублікі Масква пазьней забрала й далучыла да Расейскае РФСР”. („Запісы”, кн. 1, Мюнхэн 1962, с. 75-76)

А. Багровіч заўважае, што, „нягледзячы на шматлікія гістарычныя, этнаграфічныя й лінгвістычныя пацьверджаньні расейскіх навукоўцаў у беларускасьці гэтых прастораў, асабліва паводля мовы, і наўсуперак факту, што тэрытарыяльная маса жыхарства гэтых прастораў і сяньня гавора пабеларуску, у часе ўсіх расейскіх перапісаў – 1897, 1926, 1939 і 1959 гадоў – жыхары гэтых тэрыторыяў і расейскімі царскімі, і расейскімі савецкімі перапішчыкамі былі заўсёды й пагалоўна запісваныя ў Расейцы ня толькі паводля нацыянальнасьці, але й паводля мовы”. (Тамсама, с. 76)

Маскоўская дыялекталягічная камісія, якая правяла сыстэматычную апрацоўку беларуска-расейскага моўнага памежжа, на жаль, не зрабіла падобных досьледаў на беларуска-ўкраінскай мяжы. Але, тым ня менш, у сьвятле вынікаў працы Камісіі стала ясным, што абодва ранейшыя дасьледнікі – і Рыттых, і Карскі – у этнаграфічныя межы Беларусі ўключалі толькі чыстыя беларускія гаворкі, пакідаючы навонкі ўсе прасторы, мова якіх здраджвала нейкія паважнейшыя элемэнты мовы суседняй. Пры тым яны, рыхтуючы свае карты, зусім ня бралі пад увагу этнаграфічных, гістарычных ды іншых, ня моўных, але важных фактаў. У выніку гэтага Браншчына, Пскоўшчына ды частка Палесься апынуліся па-за этнаграфічнымі межамі Беларусі – піша М. Агнявіда на старонках мюнхэнскай газэты „Бацькаўшчына”. Калі рэч ідзе пра Заходняе Палесьсе, дык гэтую памылку заўважылі дзеячы БНР і выправілі яе на Этнаграфічнай Карце Беларускай Народай Рэспублікі, выдадзенай у 1919 годзе.

У ацэнцы М. Агнявіды, толькі на заходнім адрэзку паўдзённай мяжы з Украінай, мяжа Беларусі супадае прыблізна з этнаграфічнай мяжою.

Іншы беларсукі эміграцыйны дасьледнік Рыгор Максімовіч (псэўданім Вітаўта Тумаша, Да справы беларускай паўдзённай этнографічнай мяжы, у: ,,Запісы”, № 1 (5), Нью-Ёрк 1954, с.18-24) заўважае на старонках нью-ёрскага часопіса „Запісы”, што пры вызначэньні паўдзённай мяжы расьсяленьня беларускага народу, пачынаючы ад картаў Рыттыха з 1875 году ды Карскага з 1904 і 1918 гадоў, розныя аўтары падаюць па-рознаму этнаграфічную мяжу, абапіраючы яе не на этнаграфічныя, а толькі на моўныя зьявы. Мова, несумненна, важны паказьнік, але, як вынікае з працы Маскоўскае дыялекталягічнае камісіі (Н. Н. Дурнаво, Н. Н. Соколов, Д. Н. Ушаков, Опыт диалектологической карты русского языка в Европе с приложением очерка русской диалектологии. Труды Московской Диалектологической Комисии, ч. V, Москва 1915), на беларуска-ўкраінскім ды на беларуска-расейскім памежжах няма рэзкай моўнай мяжы, а толькі выступае шырокая паласа пераходных гаворак. І таму пры вызначэньні мяжы паміж народамі, апрача моўных рысаў, трэба браць пад увагу яшчэ гістарычныя, антрапалягічныя ды этнаграфічныя фактары – адзначае Р. Максімовіч (Да справы беларускай паўдзённай этнографічнай мяжы, у: ,,Запісы”, № 1 (5), Нью-Ёрк 1954, с. 18).

Паўдзённая этнаграфічная мяжа была распрацаваная вядомым польскім этнографам Казімежам Машыньскім (Atlas kultury ludowej w Polsce). Вызначаную сабою этнаграфічную мяжу К. Машыньскі ўважаў за праяву даўнейшай геаграфічнай мяжы. „Гэта, на ягоны погляд, меў быць этнографічнымі зьявамі выяўлены сьлед паўдзённа-заходняга берагу тых вялізарных пушчаў і бароў, якія некалі пакрывалі паўночна-ўсходнюю частку эўрапейскага кантынэнту”. Р. Максімовіч, Да справы беларускай паўдзённай этнографічнай мяжы, у: ,,Запісы”, № 1 (5), Нью-Ёрк 1954, с. 20) Усе этнаграфічныя разьмежаваньні на карце К. Машыньскага праходзяць на поўдзень ад Прыпяці. Калі правесьці сярэднюю геамэтрычную лінію, дык акажацца, што мусіла б яна пайсьці прыблізна на паўдзённай мяжы Палесься з Валыняй, якая адначасова зьяўляецца лініяй старой гістарычнай мяжы з часоў Вялікага Княства Літоўскага, як і сучаснай дзяржаўнай мяжы паміж Беларусяй ды Ўкраінай. (Тамсама, с. 22) Пацьвярджэньнем гэтай выразнай этнаграфічнай беларуска-ўкраінскай мяжы зьяўляецца таксама спосаб пабудовы вёсак на Палесьсі ды палескія народныя ўзоры, як і іншыя мясцовыя этнаграфічныя асаблівасьці, адменныя ад украінскіх і аднолькавыя зь беларускімі. (Тамсама, с. 23)


http://www.polskieradio.pl/zagranica/by/

Падзяліцца: