Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Супрацоўніка Беларускага Радыё Рацыя не пускаюць у Беларусь

Чарговы раз супрацоўніку радыё «Рацыя» Радаславу Дамброўскаму забаранілі ўезд у Беларусь. Разам з жонкай Ілонай Карпюк-Дамброўскай яны збіраліся на канцэрт канкурсантаў сёлетняга “Басовішча” “Адборышча”, які адбудзецца 19-га лютага ў Мінску.

Радаслаў Дамброўскі рабіў культурніцкую візу па запрашэнні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, якое з’яўляецца арганізацыйным партнёрам канцэрта «Адборышча».

Ілона Карпюк-Дамброўская, якая разам са сваім гуртом ILO&friends мае выступіць на “Адборышчы”, атрымала візу, а яе мужу патэлефанавалі з консульства ў Беластоку і папрасілі забраць свае дакументы, бо ў адваротным выпадку яму паставяць чарговы штэмпель “Уезд забаронены”.

Паводле словаў Радаслава Дамброўскага, прычыны адмовы ў візе яму не патлумачылі:

 – Будучы ў Беларусі, я ніколі не меў ніякіх праблем з законам, праўда, адзін раз атрымаў штраф за праезд без аплаты за дарогу, але я яго аплаціў як трэба. Ніхто ніколі мне не паведаміў, што я нейкім чынам мог парушыць заканадаўства ў Беларусі. Прычыны могуць быць толькі ідэалагічныя, або хтосьці мяне вельмі не любіць недзе там у Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Апошні раз Дамброўскаму забаранілі ўезд у Беларусь у кастрычніку 2013 года, калі ён збіраўся на кінафестываль “Лістапад”. Гэта ўжо не першая асоба, якой перыядычна адмаўляюць ва ўездзе ў Беларусь.

 

Падзяліцца:

Дапісаць новы камэнтар

Image CAPTCHA
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія паказаны на малюнку.